Мінск 13:40

За мінулыя суткі ахвярамі агню стала чатыры чалавекі, ад пачатку года — 222

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

17 сакавіка, Позірк. Чатыры чалавекі стала ахвярамі агню за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 16 сакавіка па 6:00 17 сакавіка), сведчаць даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Напярэдадні ў бальніцы ад апёкаў памёр мужчына (1972 г.н.), які пацярпеў 9 сакавіка ў вёсцы Пясава (Столінскі раён Брэсцкай вобласці), калі на ім загарэлася адзенне.

Незадоўга да поўдня 16 сакавіка ў МНС паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Сяльцо (Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці). На пажары знойдзена двое загінулых — сын гаспадыні пагарэлага дома (1986 г.н.) і госць (1981 г.н.).

У ноч на 17 сакавіка пажарным паступіла інфармацыя пра ўзгаранне ў жылым доме ў вёсцы Краснае (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Знойдзенае цела гаспадара жытла — пенсіянера (1953 г.н.).

Акрамя таго, за мінулыя суткі ад агню пацярпела тры чалавекі. Ранкам 16 сакавіка атрымаў апёкі гаспадар (1991 г.н.) жылога дома ў аграгарадку Дукора (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці); жыхар (2006 г.н.) адной з кватэр дзевяціпавярховага дома ў гарадскім пасёлку Мачулішчы (Мінскі раён), на якім загарэлася адзенне праз “неасцярожнае абыходжанне з агнём”; увечары — жанчына (1965 г.н.), якая атрымала апёкі ў выніку ўзгарання пасцельных прыналежнасцей у кватэры сталічнага дзевяціпавярховага дома на вул. Мірашнічэнкі. Усе яны шпіталізаваныя.

Удзень 16 сакавіка адбыўся пажар у полі ля вёскі Гута (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Знішчана 193 тоны саломы ў рулонах. Пацярпелых няма.

Паводле інфармацыі МНС, за мінулыя суткі ліквідавана чатыры лясныя пажары (агульная плошча — 2,4 гектара) і 37 пажараў травы і кустоў (5,648 га). Усе лясныя пажары здарыліся ў Брэсцкай вобласці (Пружанскі раён — 2, Пінскі і Драгічынскі — па 1). Яны былі патушаныя сіламі структур, падпарадкаваных Міністэрству лясной гаспадаркі; да ліквідацыі прыцягвалася 38 чалавек, задзейнічана 17 адзінак тэхнікі.

Ад пачатку 2026 года ў Беларусі адбылося 1.984 пажараў — на 24,5% больш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (1.594). На іх загінула 222 чалавекі (174; +27,6%), траўмавана — 174 (98; +77,6%), выратавана — 160 (100; +60%).

Падзяліцца: