Мінск 07:44

Ахова беларускай амбасады ў Грузіі спрабавала ўмяшацца ў пікет з нагоды Дня Волі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 26 сакавіка 2026 года ў 12:10

ПІкет каля амбасады Беларусі ў Грузіі 25 сакавіка 2026 года
Фота: Раман Кісляк

26 сакавіка, Позірк. 25 сакавіка, у Дзень Волі, беларусы Грузіі правялі пікет каля амбасады Беларусі ў Тбілісі. Ахова спрабавала накіраваць удзельнікаў далей ад дыпмісіі, але паліцыя іх патрабаванне фактычна не падтрымала, паведаміў “Позірку” праваабаронца Раман Кісляк.

“Пікет быў прысвечаны Дню Волі, 108-й гадавіне абвяшчэння БНР. Плюс мы хацелі прыцягнуць увагу да таго, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, ёсць палітвязні”, — распавёў праваабаронца.

Паводле яго слоў, акцыя ўпершыню праводзілася паводле абноўленых правілаў. «Грузінскі закон аб сходах і дэманстрацыях змяніўся. Калі раней трэба было паведамляць у паліцыю, калі гэты сход праходзіць на праезнай частцы, дзе ёсць рух і яго трэба перакрываць, то цяпер такія паведамленні неабходна дасылаць і тады, калі ён перашкаджае руху пешаходаў. Па сутнасці яны ўжо распаўсюдзілі паведамляльны парадак амаль што на ўсе акцыі. Таму мы іх праінфармавалі”, — паведаміў Кісляк.

На акцыю каля амбасады сабралося тры актывісты дыяспары.

“Там даволі вузкая вуліца, але ёсць дзе размясціцца. Супрацоўнікі аховы прасілі перайсці на другі бок. Яны прызвычаіліся ўсіх адпраўляць, а мне падабалася на гэтым баку. Я лічыў, што гэта найлепшае месца. Узнікла спрэчка, яны сказалі: “Мы выклічам паліцыю”. Я сказаў: “Добра, выклікайце”. Я таксама патэлефанаваў па нумары 112. Прыехала і крымінальная, і патрульная паліцыя”, — адзначыў суразмоўца.

Па выніку паліцэйскія толькі папрасілі не перакрываць выезд з амбасады.

“Гэта была ўжо другая палова дня, бліжэй да вечара, і якраз супрацоўнікі амбасады з’язджалі на двух мікрааўтобусах з танаванымі шыбамі. Яны не выходзілі і з намі не размаўлялі. Але было відаць, што з машын яны бачылі і чулі акцыю. Мы былі са сцягамі і свісткамі”, — дадаў праваабаронца.

Паводле яго слоў, мінакі цікавіліся пікетам: “Людзі спыняліся, некаторыя, праязджаючы міма, таксама спыняліся, пыталіся, што гэта за сцяг, што гэта за пікет. Мы тлумачылі. Некалькі беларусаў прайшлі, сказалі нам: “Жыве Беларусь!”.

Кісляк паведаміў, што цяпер праз рызыкі ў Грузіі святкаванне беларускага Дня Волі праводзіцца на закрытых пляцоўках. “Але мы вырашылі, што фармат пікета, маніфестацыі таксама важны. Важна паказаць, што мы не сышлі ў цень і для нас гэта важны дзень, які ўшаноўвае незалежнасць нашай краіны і памкненне беларусаў да свабоды”, — заявіў Кісляк.

Падзяліцца: