Мінск 23:10

Лукашэнка запрасіў Кім Чэн Ына ў Беларусь

Фота: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі

27 сакавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Беларусь старшыню Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ына.

Гэта адбылося падчас візіту Лукашэнкі ў Пхеньян, паведаміла інфармагенцтву ТАСС прэс-сакратар беларускага палітыка Наталля Эйсмант.

“Мы заўсёды будзем рады бачыць Кім Чэн Ына ў Беларусі. Учора падчас перамоў прэзідэнт запрасіў яго наведаць нашу краіну”, — удакладніла яна.

Вынікі візіту Лукашэнкі ў КНДР “перасягнулі ўсе чаканні”, дадала Эйсмант.

Візіт Лукашэнкі ў КНДР праходзіў 25–сакавіка.

26 сакавіка па выніках перамоваў Лукашэнкі і Кім Чэн Ына падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Паўночнай Карэяй.

28 лютага Лукашэнка павіншаваў Кім Чэн Ына з “пераабраннем” на пасаду генеральнага сакратара Працоўнай партыі Карэі (ППК) — кіроўнай і дэ-факта адзінай палітычнай структуры ў КНДР (дэ-юрэ існыя Сацыял-дэмакратычная партыя Карэі і Партыя маладых сяброў нябеснага шляху на справе кіруюцца ППК і не змагаюцца за ўладу, а ўсяляк падтрымліваюць дзейны рэжым).

23 сакавіка ён павіншаваў паўночнакарэйскага кіраўніка з “пераабраннем” на пасаду старшыні Дзяржаўных спраў КНДР і “пацвердзіў зацікаўленасць у актыўным пашырэнні палітычных і эканамічных сувязей з Пхеньянам на розных узроўнях”.

КНДР — закрытая дзяржава з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы. Ад моманту заснавання ў 1948 годзе вярхоўная ўлада перадавалася ад бацькі да сына — ад Кім Ір Сэна да Кім Чэн Іра, а пасля да Кім Чэн Ына.

Беларускія ўлады некалькі гадоў таму сталі актыўна заяўляць пра свой інтарэс да Паўночнай Карэі.

На перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.

17 студзеня 2025 года на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці Лукашэнка заявіў, што “каля пяці дзяржаў, уключаючы Пакістан, Інданезію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы пра арганізацыю сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы”.

Намеснік дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта Працоўнай партыі Карэі, малодшая сястра паўночнакарэйскага правадыра Кім Ё Чжон 20 студзеня абвергла гэтае сцвярджэнне. “Я добра ведаю, што беларускі бок на працягу як мінімум двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР”, — падкрэсліла яна, дадаўшы, што з боку Пхеньяна такой прапановы не паступала.

9 траўня таго ж года паведамлялася, што пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Паўночнай Карэі ў розных сферах былі “падрабязна абмеркаваныя” ў Пхеньяне на 3-м пасяджэнні двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы. Бакі абмеркавалі “палажэнні практычнай супрацы” ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, ахове здароўя, гандлі і адукацыі.

Лукашэнка напярэдадні парада ў Пекіне 3 верасня з нагоды перамогі над Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны паразмаўляў з Кім Чэн Ынам.

Віншуючы Кім Чэн Ына з Днём утварэння КНДР летась 9 верасня, беларускі палітык пацвердзіў гатоўнасць “у найбліжэйшы зручны для бакоў час наведаць” Паўночную Карэю для “вывядзення міждзяржаўных сувязей на якасна новы ўзровень”.

Падзяліцца: