Мінск 14:08

Слонімская мехбрыгада атрымала партыю мадэрнізаваных танкаў Т-72БМ2

Т-72БМ2
Фота: прэс-служба Мінабароны

25 красавіка, Позірк. Танкавае падраздзяленне дыслакаванай у Слоніме (Гродзенская вобласць) 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады атрымала партыю мадэрнізаваных танкаў Т-72БМ2, вынікае з паведамлення Міністэрства абароны.

Распрацоўкай гэтай мадыфікацыі займаліся спецыялісты “аднаго з прадпрыемстваў” Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта. Адзначаецца, што пры яе стварэнні “ўлічваўся досвед выкарыстання вайсковай тэхнікі ў сучасных узброеных канфліктах, што дало магчымасць інтэграваць у канструкцыю машыны найбольш эфектыўныя рашэнні для падвышэння яе тактыка-тэхнічных характарыстык”.

Паводле інфармацыі Мінабароны, на танку ўсталяваныя “шматканальны прыцэл наводчыка, што падвышае эфектыўнасць агню”, “сучасныя тэле-, цеплавізійныя прыборы і дынамічная абарона ўласнай распрацоўкі і супрацькумулятыўныя экраны”; палепшаныя ўмовы стральбы “за кошт увядзення рэжыму, які дае магчымасць кіраваць узбраеннем з месца камандзіра”, а таксама падвышана аўтаномнасць “за кошт усталявання аўтаномнага агрэгата электрасілкавання”.

Паводле слоў камандзіра 11-й мехбрыгады Вадзіма Ільніцкага, мадэрнізаваныя танкі “адпавядаюць усім патрабаванням сучаснага агульнавайсковага бою”. Ён падкрэсліў, што гэта “толькі першы этап атрымання найноўшых баявых машын”.

“Хуткім часам гэтая практыка працягнецца, і мы атрымаем новае ўзбраенне, вайсковую і спецыяльную тэхніку для выканання задач паводле прызначэння. Баявыя машыны аснашчаныя новымі сродкамі кіравання агнём, новымі радыёстанцыямі, а таксама ўзмоцненым рухавіком, які дае магчымасць павялічыць хуткасць руху танка”, — заявіў военачальнік.

Базавая мадэль савецкага танка Т-72 выйшла ў серыю ў 1973 годзе, яго ўдасканаленая мадэль Т-72Б, на аснове якой у Беларусі створаная мадыфікаваная версія, — у 1984-м.

Ад месца дыслакацыі 11-й мехбрыгады да мяжы з Польшчай прыкладна 100 кіламетраў на захад, з Літвой — крыху больш за 110 км на паўночны захад, з Украінай — каля 125 км на поўдзень.

Падзяліцца: