Мінск 09:23

Лукашэнка лічыць, што за кожным друкаваным выданнем стаяць верныя дзяржаўным ідэалам патрыёты

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

5 траўня, Позірк. У Беларусі “за кнігай, газетай, часопісам заўсёды стаяць пісьменныя прафесіяналы, сапраўдныя патрыёты”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 5 траўня з Днём друку “таленавітых і неабыякавых людзей, якія выбралі справай свайго жыцця адказную працу ў прэсе, паліграфіі і выдавецкай сферы”.

Гэтыя “патрыёты”, на думку віншавальніка, “множаць і перадаюць маладым аўтарам і журналістам лепшыя айчынныя традыцыі: аб’ектыўнасць, сумленнасць, этычнасць, вернасць агульначалавечым ідэалам і дзяржаўным інтарэсам”.

У прымеркаваны да дня выхаду газеты “Правда” ў 1912 годзе дзень Лукашэнкі заявіў, што “найбагацейшая гісторыя беларускага друкаванага слова пачалася 500 гадоў таму з унікальнай Бібліі Францыска Скарыны, развівалася і мацнела, праходзячы з народам усе вехі яго няпростага шляху”.

“Сёння нас па праве можна назваць адной з самых начытаных нацый у свеце. У краіне штогод выходзяць і карыстаюцца нязменнай папулярнасцю больш як 20 мільёнаў экзэмпляраў новых кніг і сотні перыядычных выданняў”, — гаворыцца ў віншаванні.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі разграміў недзяржаўныя СМІ, у тым ліку друкаваныя выданні, прымусіўшы многія рэдакцыі пакінуць краіну і працягнуць працу за мяжой. Многім нададзены “экстрэмісцкі” статус.

Аналагічны лёс напаткаў нелаяльны рэжыму выдавецтвы.

У Беларусі з 2020 года цягнецца пераслед прадстаўнікоў СМІ. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у няволі 22 супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Падзяліцца: