Мінск 20:12

Пракуратура пагражае выкладчыкам і студэнтам ЕГУ крымінальнай адказнасцю

Архіўнае фота: сайт ЕГУ

5 траўня, Позірк. Любыя фінансавыя аперацыі на адрас Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ), уключаючы “аплату навучання або дабрачынныя ўнёскі”, пасля прызнання яго “экстрэмісцкай арганізацыяй” кваліфікуюцца як “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці”, заявіў начальнік аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Дзмітрый Кудраўцаў.

Такія дзеянні прадугледжваюць пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі, сказаў чыноўнік у каментары дзяржканалу “Беларусь 4 Віцебск”.

“Аналагічным чынам працоўныя адносіны, выкладанне або працяг навучання ва ўстанове адукацыі “Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт” трактуюцца як “удзел у экстрэмісцкім фарміраванні”, што цягне крымінальную адказнасць на тэрмін да 6 гадоў пазбаўлення волі”, — сказаў Кудраўцаў.

“Падставай для прыцягнення да адказнасці”, паводле яго слоў, з’яўляецца таксама “выкарыстанне сімволікі, распаўсюд матэрыялаў або нават наяўнасць падпіскі на інтэрнэт-рэсурсы гэтай арганізацыі”.

27 красавіка паведамлялася, што да студэнта-завочніка ЕГУ сілавікі прыйшлі з ператрусам, прымусілі яго напісаць заяву на адлічэнне з навучальнай установы і знішчылі яго літоўскі від на жыхарства. Таксама паведамлялася, што адразу пасля абвяшчэння ЕГУ “экстрэмісцкім” была звольненая з працы студэнтка-завочніца ўніверсітэта.

14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ і структурныя падраздзяленні, якія ўваходзяць у яго склад, “экстрэмісцкай арганізацыяй“, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забаронена. Пра гэта абвясціў Зміцер Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму“.

На наступны дзень міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў гэтае рашэнне абуральным, ахарактарызаваў яго як “чарговы варожы акт рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС“ і выказаў гатоўнасць “падтрымаць супольнасць ЕГУ“.

16 красавіка МЗС Літвы выказала Беларусі “рашучы пратэст“ у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй“. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне “як палітычна матываванае, неабгрунтаванае і якое парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі“. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна працуе ў іншай дзяржаве, абвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй“, МЗС назвала беспрэцэдэнтным.

Як паведамлялася раней, на гэты момант студэнты з Беларусі складаюць большасць у ЕГУ — каля 74% усіх студэнтаў універсітэта.

Падзяліцца: