Мінск 15:02

Тры юрыдычныя асобы ў Мінскай вобласці прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за дачу хабараў

6 траўня, Позірк. Пастановамі Эканамічнага суда Мінскай вобласці і эканамічнага суда Мінска юрыдычныя асобы прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 24.59 КаАП (незаконнае ўзнагароджанне ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы), паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на пракуратуру Менскай вобласці.

Таксама на прадстаўнікоў юрыдычных асоб накладзены штраф на агульную суму 32.207 рублёў. У адпаведнасці з заканадаўствам далейшы ўдзел гэтых арганізацый у працэдурах дзяржаўных закупак будзе абмежаваны на працягу шасці месяцаў з дня выканання пастаноў.

Адзначаецца, што кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання “пры дапамозе іншага асобы перадалі генеральнаму дырэктару аднаго з камунальных прадпрыемстваў вобласці ў якасці хабару не менш за 38 тыс. рублёў за пагашэнне наяўнай у прадпрыемства і яго філіялаў запазычанасці перад дадзенымі арганізацыямі“.

У дачыненні да прадстаўнікоў юрыдычных асоб прыняты рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў за дачу хабараў па арт. 431 Крымінальнага кодэкса ў сувязі з наяўнасцю падстаў для вызвалення ад крымінальнай адказнасці.

Службовая асоба, якая атрымала хабар, асуджаная паводле ч. 1 і 2 арт. 430 КК.

У 2025 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за дачу незаконнага ўзнагароджання прыцягнута 140 юрыдычных асоб, паведаміў начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Ігар Грэйба на прэс-канферэнцыі 19 лютага.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра юрасобы, “службовыя асобы якіх былі асуджаныя за дачу хабараў, альбо былі ў дачыненні да іх прынятыя рашэнні па крымінальных справах, паводле нерэабілітуючых абставінаў”.

Па выніках разгляду спраў па арт. 24.59 КаАП сума прысуджаных штрафаў перавысіла больш за 1,7 млн рублёў, сказаў Грэйба.

Паводле звестак Генпракуратуры, у 2025 годзе колькасць карупцыйных злачынстваў знізілася на 16%, выяўлена 843 карупцыйных злачынствы. З іх найбольшую долю займаюць атрыманне хабараў (384), крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (245) і перавышэнне ўлады (105).

Устаноўлена 776 асоб, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы.

У 2025 годзе за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709), сведчаць даныя Вярхоўнага суда.

Падзяліцца: