Мінск 10:38

Ціханоўская: Наша мэта — зрабіць так, каб ніколі больш у Беларусі не было палітвязняў

Фота: "Позірк"

21 траўня, Позірк. Страшна ад думкі, што “такая жахлівая з’ява, як палітвязні, стала нормай жыцця”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 21 траўня на адкрыцці вільнюскай часткі III Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі (першая частка форума прайшла 19 траўня ў польскім горадзе Познань).

“І наша мэта — не толькі вызваліць людзей, а зрабіць так, каб ніколі больш у Беларусі не было палітзняволеных, — заявіла яна. — Каб ніхто не трапляў за краты за свае словы, прафесію ці любоў да Радзімы”.

Паводле слоў палітыка, вызваленне патрэбнае “не толькі тым, хто сёння за кратамі”, але “ўсёй краіне, якая жыве ў страху”. Тое, што палівязні пачалі выходзіць на свабоду, спікер назвала “вялікім супольным дасягненнем”.

“Усе апошнія гады мы з вамі працавалі дзеля гэтага, — заявіла Ціханоўская. — Мы падтрымлівалі родных, дапамагалі тым, хто ў бядзе, правялі вялікую адвакацыйную працу, слуханні ў парламентах, сотні сустрэч на высокім узроўні, каб тэма палітвязняў была ў топе міжнароднай павесткі. Мы ўрэшце стварылі міжнародную кааліцыю дзеля вызвалення палітвязняў”.

“Сёння, калі мы адзначаем Дзень салідарнасці з палітзняволенымі, трэба нагадваць, што менавіта салідарнасць стала рухавіком гэтых вызваленняў”, — адзначыла яна, падзякаваўшы ЗША, ЕС, Канадзе, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Украіне ды іншым партнёрам.

“Асаблівы дзякуй дыпламатам Злучаных Штатаў, прысутным тут, за тое, што вы ўзялі на сябе лідарства ў дыпламатычным трэку, — сказала палітык. — Я ведаю: перамовы з Лукашэнкам — справа няўдзячная, справа небяспечная. Але вы ўзялі на сябе гэтыя рызыкі і выцягваеце нашых людзей з турмаў. На жаль, вызваляючы адных, рэжым працягвае браць новых закладнікаў, і нашай нашай наступнай задачай павінна быць спыненне заганнага кола рэпрэсій. І мы працягнем гэтую працу, і абавязкова даб’емся, каб кожны і кожная маглі бяспечна вярнуцца дадому”.

Паводле слоў Ціханоўскай, яе падтрымліваюць думкі пра палітвязняў: “Кожны раз, калі мне цяжка, калі апускаюцца рукі, я думаю пра тых, хто застаецца за кратамі. Так, мне цяжка, але як жа цяжка ім?”

“Думаю пра Вацлава Арэшку, які амаль перастаў бачыць. Пра журналіста Уладзіміра Янукевіча, які ў цяжкім стане. Пра Ігара Ільяша, якога на волі так моцна чакае жонка Кацярына і за вызваленне якой ён так моцна змагаўся, пакуль сам не трапіў за краты, — нагадала яна пра некаторых. — Часам я проста адкрываю старонку “Вясны” і чытаю гісторыю чалавека, якога асабіста зусім не ведаю, каб расказаць яго гісторыю на чарговай міжнароднай сустрэчы. Пакуль многія палітвязні не могуць гаварыць, мы павінны быць іх голасам. І я веру, што чым больш мы пра іх кажам, тым хутчэй набліжаем іх вызваленне”.

Ціханоўская ганарыцца тым, што беларусы змаглі “выбудаваць сістэму дапамогі рэпрэсаваным і вызваленым”, якая выявілася “крытычна важнай за апошні год”. У гэтым кантэксце яна падзякавала “праваабаронцам, ментарам, юрыстам, псіхолагам, валанцёрам, усім ініцыятывам”.

“Дзякую і міжнародным партнёрам, якія адгукнуліся на наш заклік: Еўрасаюзу, які падтрымлівае праваабарончую кааліцыю на чале з “Домам правоў чалавека” і “Вясной”, — сказала яна. — Дзякуй Нарвегіі, Швецыі і дзесяці іншым краінам, якія падтрымалі міжнародны гуманітарны фонд. Дзякуй Нямеччыне і іх цудоўнай праграме Libereco; а таксама міжнароднай платформе збору доказаў злачынстваў рэжыму і, канешне, дзякуй Freedom House, які робіць неймаверную працу тут, у Літве. Дзякуй Літве і Польшчы, якія далі прытулак, дакументы і прынялі ўжо больш за тысячу былых палітвязняў”.

Паводле слоў палітыка, тэма палітвязняў яднае ўсіх, “незалежна ад поглядаў, палітычных партый ці прафесій”, яна яднае таксама “людзей па розныя бакі барыкадаў”, бо “нават прыхільнікі рэжыму выступаюць за спыненне рэпрэсій”.

“Мы, беларусы, умеем гуртавацца і аб’ядноўвацца, калі ёсць супольная бяда і супольная праблема. І сённяшні форум таму сведчанне”, — падкрэсліла дэмлідар.

Ціханоўская падзякавала прысутным дыпламатам і краінам, якія тыя прадстаўляюць, за салідарнасць з палітзняволенымі.

“Я ўпэўнена, разам мы абавязкова ўсё адолеем. І даб’емся свабоды — і для нашых людзей, і для нашай любімай Беларусі”, — падсумавала Ціханоўская.

Падзяліцца: