Мінск 18:14

Прамога авіямаршруту з расійскага Омска ў Мінск не будзе

Фота на старонцы Омскага аэрапорта ў "Фэйсбуку"

23 траўня, Позірк. Прамога авіямаршруту з Омска ў Мінск не будзе, вынікае з заявы міністра транспарту і дарожнай гаспадаркі Омскай вобласці Расіі Андрэя Хафізава.

Чыноўнік адрэагаваў на пытанне пра прамыя авіяпералёты ў беларускую сталіцу, зададзенае карыстальніцай на афіцыйнай старонцы губернатара гэтага рэгіёну РФ Віталя Хацэнка ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”.

“На гэты момант запуск рэйса Омск — Мінск не плануецца”, — адказаў кіраўнік рэгіянальнага Мінтранса.

Напрыканцы верасня 2025 года Хацэнка назваў прамыя авіязносіны паміж Омскам і Мінскам адным з “нявырашаных пытанняў”, найхутчэйшае вырашэнне якіх чакаецца “ў перспектыве”.

“На сённяшні дзень мы маем авіязносіны або праз Маскву, або прамы рэйс, але з пасадкай у Казані. Вядома, нам прамая авіяцыя патрэбная. Існуюць у гэтым плане пэўныя цяжкасці, але мы гэтае пытанне не здымаем з парадку дня і шукаем вырашэнне задачы”, — цытавала яго дзяржаўнае выданне “Мінская праўда”.

У чэрвені 2024 года памочнік гендырэктара па спецрэйсах нацыянальнага аэрапорта Мінск Васіль Корнеў анансаваў адкрыццё маршрутаў расійскай авіякампаніі Red Wings з шэрагу гарадоў РФ, у тым ліку з Омска, але гэтага так і не адбылося.

Падзяліцца: