Мінск 13:59

Лукашэнка настроіў прыведзеных да прысягі тэрміноўцаў асвойваць “навуку перамагаць”, калі ля межаў “складанае, небяспечнае” становішча

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

23 траўня, Позірк. Вайскоўцы тэрміновай службы “бяруць на сябе высокую адказнасць — сперагчы сучаснасць і будучыню сваёй краіны”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 траўня на цырымоніі прывядзення да прысягі асабовага складу 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (вайсковы гарадок Печы ў Барысаве, Мінская вобласць).

Спікер, паводле паведамлення яго прэс-службы, падкрэсліў, што вайсковая прысяга — гэта “па-сапраўднаму дарослы і адказны крок”, прычым не толькі ў жыцці тэрміноўцаў.

“Важна разумець, што, даючы свяшчэнную клятву краіне і народу, вы даяце яе свайму дому, сваёй сям’і, — сказаў ён. — Вы клянецеся беспярэчна выконваць загады камандзіраў, строга датрымлівацца вайсковых статутаў, берагчы незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. Ад гэтае хвіліны ваша сумленне і закон выстаўляюць да вас найвышэйшыя патрабаванні. Званне вайскоўца абавязвае быць трывалым, адважным, верным абавязку і сваёй краіне”.

Паводле слоў Лукашэнкі, наяўнасць сучаснай зброі і тэхнікі ёсць “бясспрэчнай перавагай” у любым войску, але іх моц “вызначаюць людзі, адданыя роднай краіне вайскоўцы, якія ў адзіным шыхце стаяць на варце міру і бяспекі Айчыны”.

Гісторыя Беларусі, заявіў ён, ведае “тысячы прыкладаў, калі звычайныя хлопцы, учорашнія школьнікі і студэнты, здзяйснялі подзвігі”, дзякуючы падобным людзям “над Беларуссю вось ужо 80 гадоў чыстае і мірнае неба”.

“Якая б ні была складаная, нават небяспечная абстаноўка ля нашых межаў, задача наша адна — захаваць мірнае неба над краінай. Гэта самае каштоўнае, што мы маем, — мір і жыццё людзей, — сказаў Лукашэнка. — У цяперашніх няпростых умовах ваша гатоўнасць асвоіць навуку перамагаць, авалодаць самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраенняў, устаць у выпадку неабходнасці на абарону Радзімы — і ёсць унёсак у забеспячэнне суверэнітэту і незалежнасці краіны”.

“Міністр абароны, Генеральны штаб краіны, усе генералы атрымалі задачу — адысці ад залішняй муштры ў войску. Мы ў войску мусім рыхтаваць спецыялістаў, якія ўмеюць кіраваць тэхнікай, якія ўмеюць валодаць сваёй зброяй, якія будуць моцныя духам і целам, фізічна падрыхтаваныя. Мы мусім падрыхтаваць хлопцаў, каб яны былі фізічна моцнымі, каб яны вярнуліся ў грамадзянскае жыццё сапраўднымі мужыкамі і каб яны асвоілі тую складаную зброю, якая маецца ў нашым войску”, — дадаў ён.

Адметна, што наказ Лукашэнкі тэрміноўцам прагучала на фоне ўсё больш частых у апошні час заяў найвышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Украіны пра паўторныя спробы Расіі наўпрост уцягнуць Беларусь у вайну.

На нарадзе па пытаннях узбраення і дзяржабаронзамовы 11 раўня Лукашэнка заявіў, што выкананне дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2021—2025 гады дазволіла падвысіць “удзельную вагу сучасных узораў” зброі ў войску Беларусі “амаль да паловы — 45%”. Пры гэтым “штогадовая доля абнаўлення [узбраенняў] павялічвалася да 2%”.

24 лютага 2022 года РФ распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Зяленскі: Рускія і беларусы страцяць усіх, каго пашлюць на паўночным кірунку

23 траўня, Позірк. Украінская цэнтральная ўлада будзе дапамагаць абшчынам уздоўж мяжы з Беларуссю з фінансаваннем умацаванняў, павялічваць колькасць асабовага складу Узброеных сіл на гэтых кірунках. Пра гэта заявіў* прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Ровенскую вобласць 22 траўня. "Мы хочам, …
Падзяліцца: