Мінск 19:21

Лукашэнка — міністру спорту Кавальчуку: Давайце вынік, у адваротным выпадку я вас абараняць не буду

16 чэрвеня, Позірк. “Пара пачынаць працаваць”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка міністру спорту і турызму Сяргею Кавальчуку 16 чэрвеня на нарадзе па пытаннях развіцця хакея.

“Сяргей Міхайлавіч, калі вы хочаце працаваць (чалавек вы харошы, я вас даўно ведаю), Давайце вынік. У адваротным выпадку я вас абараняць не буду. Не мне — дзяржаве патрэбны вынік. Для вас створаныя ўсе ўмовы. Велатрэка не было — катайцеся. Стадыёна канькабежнага не было — бегайце, трэніруйцеся. Давайце вынік”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

На нарадзе ён традыцыйна раскрытыкаваў беларускіх атлетаў за нізкія вынікі, у чарговы раз адзначыўшы, што некалі актыўна займаўся спортам.

“Футбол і хакей — гэта асноўныя віды спорту ўсюды, таму што яны масавыя, гэта народныя віды спорту. Па сваім асабістым жыцці я заўсёды прызнаваў, што гуляў у футбол, а не ў хакей. Улетку — у футбол, узімку — у хакей. Са школьнага ўзросту”, — сказаў Лукашэнка.

Палітык, які рэгулярна крытыкуе спартыўных кіраўнікоў, з 1997 па 2021 год узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт. 26 лютага 2021-га прэзідэнтам НАКа стаў яго старэйшы сын Віктар Лукашэнка.

57-гадовы Кавальчук узначальвае Мінспорту з 5 сакавіка 2018 года. Пасля падзей 2020 года з яго дзеяннямі звязваюць масавыя палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да атлетаў, нязгодных з палітыкай Лукашэнкі: звальненні, забарона на прафесію ў краіне (“чорныя спісы”) і інш.

Чыноўнік знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу дэмакратычных дзяржаў.

Да прыходу ў міністэрства, з 2004 года, Кавальчук працаваў у Службе бяспекі Лукашэнкі.

Падзяліцца: