Мінск 21:16

МНС паведаміла пра ўзгаранне ў дзіцячым садку ў Гродне — эвакуявана 36 дзяцей і 18 дарослых

Ілюстрацыя: МНС

22 чэрвеня, Позірк. Аб эвакуацыі 36 дзяцей і 18 дарослых праз узгаранне ў будынку дзіцячага садка ў Гродне паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пацярпелых няма, работнікі дзіцячага садка пры дапамозе вогнетушыцеляў ліквідавалі гарэнне, выкліканае “кароткім замыканнем электрапліты”, адзначае ведамства.

Паведамленне аб узгаранні ў дзіцячым садку па вуліцы Дзяржынскага паступіла на нумар 112 днём 22 чэрвеня. Па прыбыцці да месца здарэння супрацоўнікі МНС “зафіксавалі задымленне і спрацоўку сістэмы пажарнай аўтаматыкі”, гаворыцца ў паведамленні.

Да месца інцыдэнту выязджала 10 адзінак тэхнікі МНС.

Паводле інфармацыі ведамства на раніцу 22 чэрвеня, з пачатку 2026 года ў Беларусі здарылася 3.790 пажараў (3.379 за адпаведны перыяд 2025 года; рост на 12,2%), загінула 320 чалавек (298; +7,4%).

За мінулыя суткі здарыліся 23 пажары. Знішчаныя тры будынкі, дзве адзінкі тэхнікі. Пашкоджана 16 будынкаў, дзве адзінкі тэхнікі. Выратаваны адзін чалавек, траўмаваныя двое.

Падзяліцца: