Прыхільнік вайны патрыярх Кірыл заклікаў будаваць саюз Беларусі і РФ на “духоўнасці”

22 чэрвеня, Позірк. Калі Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі будзе будавацца выключна “на прагматыцы — палітычнай, эканамічнай, імгненнай, то нічога не атрымаецца”, заявіў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл 21 чэрвеня пасля заканчэння літургіі ў Васкрасенскім саборы Брэста.
Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Рускай праваслаўнай царквы, “падмурак Саюзнай дзяржавы будзе па-сапраўднаму непахісным”, калі атрымаецца захаваць “пласт агульнай духоўнасці, які стагоддзямі злучае народы: агульную веру, каштоўнасці, перададзеныя ад продкаў”.
Праваслаўны іерарх падкрэсліў, што ніякая “штучная ідэалогія не здольная стварыць такой трывалай еднасці”.
“Я заўсёды з асаблівым пачуццём прыязджаю ў Беларусь. Разумею, што я патрыярх і для рускіх, і для беларусаў, і для ўкраінцаў. Глыбока перакананы, што царква можа сёння адыгрываць станоўчую ролю, якая аб’ядноўвае людзей”, — адзначыў Кірыл.
Патрыярх Кірыл неаднаразова выказваўся ў падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, называў вайну “свяшчэннай”. Пазіцыя Рускай праваслаўнай царквы пад яго кіраўніцтвам прывяла да таго, што ў многіх епархіях Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата перасталі згадваць Кірыла ў малітвах, частка духавенства выступіла за разрыў сувязі з РПЦ. Выхад з-пад юрысдыкцыі Масквы сталі абмяркоўваць таксама праваслаўныя ў краінах Балтыі (у Літве падкрэсліваюць выключна кананічную сувязь з РПЦ, у Латвіі парламент абвясціў мясцовую праваслаўную царкву цалкам незалежнай ад якіх-небудзь цэнтраў па-за межамі краіны, у Эстоніі прыняты закон, скіраваны на разрыў сувязі з РПЦ).
Рыторыка Кірыла наконт ваеннай агрэсіі стала адной з прычын, з якой Святы пасад у 2022 годзе на нявызначаны тэрмін адклаў яго сустрэчу з папам рымскім Францішкам. Сустрэча так і не адбылася — Францішак памёр у красавіку 2025 года. Магчымасці сустрэчы прадстаяцеля РПЦ з цяперашнім пантыфікам Львом XIV публічна не абмяркоўвалася.
30 жніўня 2024 года стала вядома, што кіраўнік РПЦ узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага (I ступені) за “развіццё царкоўна-дзяржаўных стасункаў” і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння.
Патрыярх Кірыл неаднаразова наведваў Беларусь з афіцыйнымі візітамі. Папярэдні раз ён быў у чэрвені 2025 года — удзельнічаў у святкаванні 900-годдзя з дня заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку (Віцебская вобласць). Да таго — у чэрвені 2022-га — з нагоды 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях і заснавання Полацкай епархіі.
Некаторыя ініцыятывы структур праваслаўнай царквы ў Беларусі наўпрост падтрымліваюць “рускі свет” і расійскую ваенную агрэсію ва Украіне. Напрыклад, Свята-Елісавецінскі манастыр арганізуе канцэрты ў падтрымку расійскага войска і збірае харчы і сродкі для расійскіх вайскоўцаў. Публічна манастыр паведамляе пра “гуманітарную дапамогу” жыхарам Данбаса.
Праваслаўе лічыцца дамінантнай хрысціянскай канфесіяй у Беларусі.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. РПЦ у Расіі штодня моліцца пра “перамогу”.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года суседнія краіны ЕС зафіксавалі больш за 7 тыс. спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — траўні каля 45% усіх інвестыцый у асноўны капітал прыпала на прадпрыемствы Мінскай вобласці і сталіцы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- ГрамадстваУ Беларусі зафіксаваныя першыя тэмпературныя рэкорды лета-2026Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаУ студзені — красавіку 2026 года Беларусь лідзіравала ў ЕАЭС толькі ў адным з сямі асноўных паказчыкаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка



