Мінск 15:57

Працоўных мігрантаў міліцыя пагражае высылаць за распіццё алкаголю на вуліцы ці начны шум, колькасць вакансій для іх расце

Фота: УУС Мінаблвыканкама

18 кастрычніка, Позірк. Аб правядзенні “інфармацыйнай сустрэчы” на ААТ “Смалявічы Бройлер” (птушкафабрыка ў Мінскай вобласці), дзе “сёння працуюць звыш 600 замежных грамадзян”, адчыталася УУС аблвыканкама.

Прадстаўнікі МУС і мясцовай міліцыі закранулі пытанні легалізацыі і працаўладкавання, міграцыйнага ўліку і тэрмінаў знаходжання, адказнасці за парушэнні ПДР і “рызыках, звязаных з наркотыкамі, злачыннымі схемамі і анлайн-махлярствам”.

“Асаблівую ўвагу надалі афармленню дакументаў: менавіта памылкі або прамаруджванне з падачай папер часцей за ўсё становяцца прычынай праблем”, — піша тэлеграм-канал “Милиция Минщины”.

У Беларусі, як сцвярджаецца, “не бывае нязначных парушэнняў”: “Нават, здавалася б, дробныя правіннасці — шум у начны час, распіццё алкаголю ў грамадскім месцы, дробнае хуліганства – могуць стаць падставай для перагляду статусу знаходжання [іншаземца]”.

Намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі абласнога УУС Святлана Рабовіч заявіла, што “нелегальныя падпрацоўкі на баку” для мігрантаў недапушчальныя: “Вы прыехалі сюды, каб працаваць і дапамагаць сваім сем’ям. Але калі адбудзецца надзвычайнае здарэнне на працоўным месцы, дзе вы афіцыйна не працаўладкаваны, — гэта стане бядой у першую чаргу для вас”.

Прадстаўнікі міліцыі “дакладна пазначылі: пры сістэматычных парушэннях пытанне аб высылцы ставіцца неадкладна”.

Як паведамлялася, партал Дзяржаўнай службы занятасці на гэтым тыдні аднавіў публікацыю даных аб колькасці даступных вакансій для іншаземцаў.

Цяпер на сайце службы ўказана, што на рынку працы ў Беларусі налічваецца 17.320 такіх свабодных пазіцый. На 4 кастрычніка іх было 16.596. Такім чынам, за два тыдні колькасць вырасла на 724 (4,4%).

9 кастрычніка “Позірк” паведамляў, што служба спыніла публікацыю дадзеных аб колькасці працоўных месцаў для замежных грамадзян.

Падзяліцца: