Мінск 12:23

Мінэканомікі Беларусі заяўляе аб рэкордным узаемным аб’ёме ПЗІ з РФ

Ілюстрацыя: "Спутник Беларусь"

18 кастрычніка, Позірк. У бягучым годзе фіксуецца рэкордны аб’ём прамых замежных інвестыцый (ПЗІ) з Расіі ў Беларусь, заявіў першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец у інтэрв’ю тэлеканалу “Першы інфармацыйны”.

“Ён ужо перавысіў 3 млрд долараў. Тэмп росту больш як 20% да адпаведнага перыяду мінулага года”, — сказаў чыноўнік, не ўдакладніўшы, на якую дату актуальны гэтыя звесткі.

Інвестыцыі ў РФ з Беларусі “таксама на гістарычным максімуме — рост больш за 30%”, дадаў ён.

У гэтым кантэксце Вежнавец згадаў “інтэграцыйныя праекты для выбудоўвання кааперацыйных сувязей” з Расіяй, частка якіх завершана (у прыватнасці, па лесанарыхтоўчай тэхніцы).

“90 працэнтаў гатоўнасці [па праектах] у машынабудаванні — гэта БелАЗ, “Гомсельмаш”, “Салеа” (Дзяржынск, Мінская вобласць, вытворца гідраўлікі. — “Позірк”.), [Мінскі] падшыпнікавы завод”, — пералічыў намеснік міністра.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, замежныя інвестыцыі ў беларускую эканоміку за студзень — чэрвень 2026 года склалі 5 млрд долараў (+18,2% да аналагічнага леташняга перыяду).

Паступленне ПЗІ ацэньваецца ў 3,8 млрд. долараў (18,3%).

Беларускімі арганізацыямі накіравана за мяжу 3,6 млрд. долараў інвестыцый (+44%), з іх ПЗІ — 2,45 млрд (+31%).

Падрабязнасці па краінах Белстат не публікуе.

Падзяліцца: