Мінск 09:48

У Брэсцкай вобласці спагнана 103 тыс. рублёў расходаў ФСАН на меддапамогу пацярпелым ад злачынстваў, у тым ліку з 15-летняга падлетка

16 кастрычніка, Позірк. Органы пракуратуры Брэсцкай вобласці спагналі на карысць устаноў аховы здароўя і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) 103 тыс. рублёў за панесеныя імі выдаткі на наданне медыцынскай дапамогі і выплату дапамог грамадзянам, якія пацярпелі ад супрацьпраўных дзеянняў, паведамляе Генеральная пракуратура.

За мінулы перыяд 2026 года пракуратура Брэсцкай вобласці прад’явіла 46 пазоваў названых катэгорый.

У якасці адказчыкаў выступілі тыя, хто нанёс шкоду, або асобы, адказныя за прычыненую шкоду.

У прыватнасці, пракурор Брэста ў інтарэсах ФСАН “прад’явіў пазоў да 15-гадовага юнака аб спагнанні 2,5 тыс. рублёў у парадку рэгрэсу“. Падлетак у жніўні 2025 года пры кіраванні арэндным электрасамакатам збіў жанчыну, якая атрымала цялесныя пашкоджанні. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена, бо на той момант ён не дасягнуў узросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

За час лячэння пацярпелай з ФСАН было выплачана ў якасці дапамогі па непрацаздольнасці 2,5 тыс. рублёў. Паводле пазову пракурора суд Брэсцкага раёна спагнаў гэтую суму з вінаватага.

Падкрэсліваецца, што пры адсутнасці ў непаўналетняга даходаў і іншай маёмасці, дастатковых для кампенсацыі выплачанай дапамогі, сродкі бяруцца ў бацькоў.

У кастрычніку 2025 года пракуратура паведамляла, што ў Брэсцкай вобласці было прад’яўлена 52 пазовы названых катэгорый, сума была той жа, што і сёлета — 103 тыс. рублёў.

Падзяліцца: