be
Arrow
Мінск 03:30

Лукашэнка чарговы раз заявіў пра планы пабудаваць цэлюлозна-папяровы камбінат з удзелам Амана

16 кастрычніка, Позірк. Пра намер пабудаваць у Беларусі цэлюлозна-папяровы камбінат з удзелам аманскіх інвестараў зноў заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка падчас паездкі ў Віцебскую вобласць.

“Мы зараз з аманцамі хочам пабудаваць цэлюлозна-папяровы камбінат. Аманцы гатовыя — у іх жа лесу няма, у іх суседзяў таксама”, — цытуе палітыка яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэгкі, лесаперапрацоўка павінна стаць “адным з асноўных кірункаў развіцця паўночных раёнаў краіны”.

Праект будаўніцтва камбіната з удзелам Амана абмяркоўваецца не ўпершыню. 6 кастрычніка 2025 года падчас візіту султана Хайсама бен Тарэка аль Саіда ў Мінск бакі падпісалі адпаведны мемарандум аб супрацоўніцтве.

Як паведамляў “Позірк”, меркаваны аб’ём інвестыцый мусіць складаць каля 1,4 млрд долараў, праектная магутнасць прадпрыемства — прыкладна 800 тыс. тон прадукцыі за год.

У ліпені 2025 года колішні міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік паведамляў пра планы пабудаваць другі ў Беларусі цэлюлозна-кардонны камбінат у Дуброўне Віцебскай вобласці. На рэалізацыю праекта з прыцягненнем замежнага капіталу адводзілася каля пяці гадоў.

У снежні 2025 года падчас перамоваў у Маскаце кіраўнік Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Абдэльсалам Махамед аль-Муршыдзі назваў будаўніцтва камбіната прыярытэтным праектам двухбаковага супрацоўніцтва.

Лукашэнка тады сцвярджаў, што пляцоўка для прадпрыемства ўжо вызначаная, вядуцца перадінвестыцыйныя і праектныя работы.

Раней Беларусь і Аман дамовіліся адкрыць амбасады на тэрыторыі адна адной. У лютым 2026 года Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову аб адкрыцці амбасады ў Амане да 1 студзеня 2027 года. У кастрычніку першы аманскі амбасадар з рэзідэнцыяй у Мінску пачаў працу.

У Беларусі ўжо рэалізоўваўся буйны праект у цэлюлозна-папяровай прамысловасці з прыцягненнем замежнага фінансавання, які сутыкнуўся са шматлікімі праблемамі.

У 2010 годзе быў заключаны кантракт з кітайскай кампаніяй CAMCE на будаўніцтва завода сульфатнай беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Кошт будаўніцтва ацэньваўся ў 800 млн долараў, 85% гэтай сумы планавалася прафінансаваць за кошт кітайскага крэдыту.

Будаўніцтва завода суправаджалася значным адставаннем ад графіка і фінансавымі праблемамі. Замест 2015 годуа доследна-прамысловая эксплуатацыя пачалася ў 2017 годзе, а афіцыйны ўвод у эксплуатацыю – у студзені 2020-га.

У 2018 годзе Светлагорскі ЦКК атрымаў 209,8 млн рублёў чыстай страты, у 2019-м — выйшаў на прыбытак, аднак ужо ў 2020-м зноў стаў стратным.

Чыстыя страты прадпрыемства склалі амаль 72 млн рублёў, у тым ліку праз выдаткі на абслугоўванне крэдытаў і адмоўныя курсавыя розніцы. 

На канец 2020 года доўгатэрміновыя абавязацельствы камбіната па крэдытах і пазыках дасягнулі амаль 2 млрд рублёў.

Рэалізацыя праекта суправаджалася таксама экалагічнымі прэтэнзіямі і аварыямі. Мясцовыя жыхары выступалі супраць будаўніцтва новай вытворчасці, асцерагаючыся забруджвання навакольнага асяроддзя. 

У 2020 годзе ў выніку двух надзвычайных здарэнняў на прадпрыемстве загінула не менш трох работнікаў. Яшчэ трое загінулі пры выбуху ў адным з цэхаў 7 чэрвеня 2023 года.

У кастрычніку 2023 года Эканамічны суд Гомельскай вобласці пастанавіў спагнаць з камбіната больш за 3,3 млн рублёў у якасці кампенсацыі шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю.

Сёлета ў траўні Лукашэнка раскрытыкаваў прапанову ўрада зноў надаць Светлагорскаму ЦКК фінансавую падтрымку. 

Падзяліцца: