Мінск 12:24

У парламент Манголіі перададзены на ратыфікацыю дагавор пра сяброўства з Беларуссю, падпісаны амаль 2,5 года таму

Парламент Манголіі
Ілюстрацыйнае фота: Altai Baatarkhuu / unsplash.com

17 кастрычніка, Позірк. Законапраект аб ратыфікацыі дагавора пра дружалюбныя стасункі і супрацу з Беларуссю 16 кастрычніка перадала старшыні парламента Манголіі (Вялікага дзяржаўнага хурала) Сандагійну Бямбацогту міністр замежных спраў краіны Батмунхійн Батцэцэг.

Паводле інфармацыі прэс-службы заканадаўчага органа, кіраўніца мангольскай дыпламатыі нагадала, што “асноватворны дакумент, які вызначае асновы двухбаковых стасункаў”, быў падпісаны 3 чэрвеня 2024 года падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Манголію. У траўні 2026-га ўрад краіны вырашыў перадаць дамову на разгляд парламента.

“Законапраект складаецца з аднаго артыкула, які прадугледжвае ратыфікацыю дагавора на падставе прадстаўлення ўрада Манголіі, — гаворыцца ў паведамленні. — Ініцыятары законапраекта лічаць, што ён адпавядае Канстытуцыі Манголіі ды іншым законам краіны і не пацягне якіх-небудзь негатыўных эканамічных, сацыяльных або прававых наступстваў”.

“Дагавор складаецца з 17 артыкулаў і скіраваны на ўмацаванне дружалюбных стасункаў паміж дзвюма краінамі, пашырэнне супрацы ў палітычнай, гандлёвай, эканамічнай сферах, а таксама ў галіне адукацыі, транспарту, сельскай гаспадаркі, навукі, культуры, гуманітарнага ўзаемадзеяння ды іншых галінах”, — адзначыла прэс-служба хурала.

Лукашэнка, віншуючы 11 ліпеня прэзідэнта Манголіі Ухнаагійна Хурэлсуха з нацыянальным святам Наадам, прапанаваў яму здзейсніць візіт у адказ у Беларусь.

Лукашэнка наведваў Манголію з дзяржаўным візітам 1–4 чэрвеня 2024 года. У перадапошні дзень паездкі ён падпісаў з прэзідэнтам гэтай краіны дагавор пра дружалюбныя стасункі і супрацу.

Акрамя таго, былі падпісаныя міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі і дарожная карта супрацы профільных міністэрстваў абедзвюх краін на 2024–2026 гады; мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам юстыцыі і ўнутраных спраў Манголіі і Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі аб узаемным прызнанні і абмене пасведчанняў кіроўцы; дарожная карта супрацы ў галіне сельскай гаспадаркі ды інш.

Напярэдадні прыбыцця Лукашэнкі экс-прэзідэнт Манголіі Цахіагійн Элбэгдорж (2009–2017) заклікаў цяперашнія ўлады дзяржавы арыштаваць візіцёра, які “здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці”. Гэта, на яго думку, палепшыла б імідж краіны.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала мангольскаму палітыку за “рашучы заклік прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці” і заявіла, што Лукашэнка “мае паўстаць перад міжнародным трыбуналам”.

Падзяліцца: