Мінск 11:21

Лукашэнка жадае дамагчыся стратэгічнага партнёрства з Інданезіяй

Джакарта — сталіца Інданезіі
Ілюстрацыйнае фота: Muhammad Ravel / unsplash.com

17 кастрычніка, Позірк. Жаданне падвысіць узровень супрацы з Інданезіяй прачытваецца ў віншаванні з 75-годдзем, якое Аляксандр Лукашэнка накіраваў 17 кастрычніка прэзідэнту гэтай краіны ў Паўднёва-Усходняй Азіі Прабова Субіянта.

Аўтар віншавання, тэкст якога апублікавала яго прэс-служба, чарговым разам з “асаблівай цеплынёй” згадаў сустрэчу з інданезійскім палітыкам у ліпені 2026 года ў Джакарце.

“Спадзяюся на працяг плённага дыялогу, — напісаў ён. — Перакананы, разам мы здолеем вывесці супрацу нашых краін на ўзровень стратэгічнага партнёрства, што цалкам адпавядае інтарэсам беларусаў і інданезійцаў”.

Адзначыўшы “багаты прафесійны і жыццёвы досвед”, а таксама “мудрасць выбітнага дзяржаўнага дзеяча”, Лукашэнка заявіў, што Прабова Субіянта “ўпэўнена вядзе народ Інданезіі па шляху міру, росквіту і прагрэсу”. На яго думку, менавіта дзякуючы “асабістым намаганням” прэзідэнта краіны Інданезія “трывала замацавала за сабой статус аднаго з прызнаных лідараў глабальнага Поўдня і Паўднёва-Усходняй Азіі”.

У віншаванні з Днём незалежнасці Інданезіі 17 ліпеня Лукашэнка запрасіў Прабова Субіянта наведаць Беларусь. У той жа дзень Міністэрства замежных спраў Беларусі абвясціла, што ад пачатку месяца дзейнічае ўведзены інданезійскім бокам трыццацідзённы бязвізавы рэжым уезду для грамадзян Беларусі — уладальнікаў агульнаграмадзянскіх пашпартоў, якія падарожнічаюць з турыстычнымі мэтамі.

Аднадзённы візіт Лукашэнкі ў Інданезію адбыўся 2 ліпеня. Улады дамовіліся пра ўсталяванне бязвізавага рэжыму для паездак беларускіх грамадзян, запуск прамога авіярэйса і адкрыццё амбасады ў Мінску.

Па выніках перагавораў з прэзідэнтам Інданезіі Лукашэнка заявіў: “Мы ўжо на сённяшні дзень тут заключылі дамоваў на дзясяткі мільёнаў долараў”.

Лукашэнка сустракаўся з Прабова Субіянта 15 ліпеня 2025 года ў адной са сваіх рэзідэнцый. Сустрэча не анансавалася. Пра яе змест таксама не паведамлялася, прэс-служба прымаючага боку сцвярджала, што абмяркоўвалася “шырокае кола тэм”.

Двухбаковую вайсковую супрацу абмяркоўвалі ў Мінску 28 ліпеня таго ж года Павел Муравейка, які займаў тады пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсудзін.

5–7 жніўня 2025 года гэтую краіну наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся “пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцяў”.

Раней Джакарта выказвала зацікаўленасць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаенняў.

Згодна са статыстычнай базай міжнароднага гандлю ААН (UN Comtrade; на падставе звестак, прадстаўленых Джакартай), узаемны гандаль Беларусі і Інданезіі паступова аднаўляецца пасля спаду, што назіраўся на пачатку вайны Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымаў Маскву.

Калі па выніках 2020 года двухбаковы тавараабарот Мінска і Джакарты склаў 165,19 млн долараў (беларускі экспарт — 158,17 млн, інданезійскія пастаўкі — 7,02 млн), а 2021-га — 288,98 млн (282,27 млн і 6,71 млн адпаведна), то ў 2022-м — 90,61 млн (89,92 млн; 0,69 млн), 2023-м — 89,14 млн (75,73 млн; 13,41 млн). Рост пачаўся з 2024 года, па выніках якога ўзаемны гандаль дасягнуў 128,51 млн (84,88 млн; 43,63 млн), а па выніках 2025-га — 221,30 млн (141,65 млн; 79,65 млн).

Падзяліцца: