Мінск 19:41

Польшча 30 дзён не адзначае актыўнасці мігрантаў ля сваёй мяжы з Беларуссю

Архіўнае фота: strazgraniczna.pl

16 кастрычніка, Позірк. На беларуска-польскай мяжы актыўнасць нелегальных мігрантаў не фіксуецца 30 дзён, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз масіву аператыўных звестак Польскай памежнай аховы.

Апошні раз спроба парушыць мяжу адзначалася 15 верасня (з боку аднаго мігранта).

30 верасня віцэ-прэм’ер — міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрв’ю газеце Rzeczpospolita заявіў пра “невялікую адлігу“ ў стасунках з Менскам.

Паводле яго слоў, гэта стала магчымым таму, што беларускія ўлады зрабілі тое, чаго дамагалася Варшава: вызвалілі палітвязня, актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута, дазволілі яму прыехаць у Беларусь і яе пакінуць.

Апошнім часам, дадаў міністр, у польскім кірунку “перасталі лётаць кантрабандныя паветраныя шары“ з Беларусі, а на ўсходняй мяжы спакойна — у кантэксце міграцыйнага крызісу.

Пры гэтым, паводле ацэнкі Сікорскага, апошні факт з’яўляецца не заслугай мінскага рэжыму, а следствам таго, што Польшча “выдаткавала больш за мільярд еўра на будаўніцтва загароды і аперацыю па забеспячэнні бяспекі мяжы“.

Беларускія ўлады неаднаразова крытыкавалі суседзяў за ўзвядзенне бар’ераў на мяжы. 13 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам сілавых ведамстваў падышоў да тэмы з іншага боку: “Дзякуй ім, кажу як ваенны чалавек вам — ваенным людзям. Дзякуй ім, што яны пабудавалі гэты плот. У выпадку агрэсіі з іх боку (а калі агрэсія і здарыцца, яна можа быць толькі з іх боку, з нашага боку гэтага не будзе), ім прыйдзецца гэты плот пераадольваць. Гэта нам выгадна. Таму, калі яны пабудуюць яшчэ дзве лініі такіх платоў, мы будзем ім толькі ўдзячныя. Гэта глупства несусветная з боку некаторых вайскоўцаў… Найхутчэй не вайскоўцаў, а там жа “разумныя“ грамадзянскія “стратэгі“. Гэта іх тактыка — адгарадзіцца плотам. Гасподзь з імі, хай адгароджваюцца”.

У верасні, як вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу, Польская памежная ахова зафіксавала 85 спробаў пранікнення мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у Еўрасаюз праз Беларусь, з пачатку 2026 года — больш за 470. Гэта 3,3% агульнай колькасці спробаў незаконна перасекчы наземную мяжу Беларусі і ЕС.

Больш статыстыкі даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: