Мінск 17:43

КДБ унёс у спіс “тэрарыстаў“ яшчэ 9 чалавек, у тым ліку 5 завочна асуджаных прадстаўнікоў палка Каліноўскага

16 кастрычніка, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў яшчэ дзевяць чалавек у пералік “асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці“. Цяпер у спісе 1.477 пазіцый (1.689 чалавек).

У пералік унесеныя Эдуард Курляндчык (асуджаны; уключаны на падставе арт. 361 Крымінальнага кодэкса), Юрый Макітаў (2905), Крысціна Станкевіч (2905), Міхаіл Чупрынскі (2905), Мікалай Бойка (2905), Наталля Нікіціна (2905), Юлія Нікіціна (361), Андрэй Кашанскі (361) і Арцём Літвінка (361).

Прадстаўнікі палка Каліноўскага Бойка, Макітаў, Нікіціна, Станкевіч (пазыўны “Чабор“) і Чупрынскі сёлета 14 верасня завочна прыгавораныя Менскім гарадскім судом да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі. Абвінавачванні былі прад’яўленыя паводле сямі артыкулаў КК.

Пра пачатак у дачыненні да іх спецыяльнай вытворчасці паведамлялася 25 траўня. 16 ліпеня СК інфармаваў аб завяршэнні папярэдняга расследавання па справе.

Даведка “Позірку“:

арт. 361 КК — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы;

2905 — арганізацыя дзейнасці арганізацыі, прызнанай у Беларусі тэрарыстычнай, альбо ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі.

Падзяліцца: