Мінск 21:15

Праблемы беларускага футбола крыюцца ў кваліфікацыі трэнераў, кіраванні, медзабеспячэнні — міністр спорту

Ілюстрацыя: Daniel Norin / unsplash.com

16 кастрычніка, Позірк. Праблемы беларускага футбола “крыюцца не ў якасці газонаў, а ў сістэме кіравання, методыках падрыхтоўкі, кадравым і медыцынскім забеспячэнні”. Пра гэта заявіў міністр спорту Сяргей Кавальчук на пасяджэнні калегіі ведамства па пытанні развіцця футбола ў краіне, а таксама “праблемных пытаннях і шляхах іх вырашэння“.

На думку міністра, які да прызначэння ў 2018 годзе працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта, “першае і самае асноўнае — гэта кваліфікацыя трэнераў”. “Нам неабходна узброіць іх сучаснымі методыкамі, удасканальваць сістэму падрыхтоўкі і кантролю іх дзейнасці“, — падкрэсліў Кавальчук, якога цытуе прэс-служба ведамства.

Чыноўнік заявіў аб неабходнасці ўзмацніць працу па “ключавых напрамках”: “За апошнія гады дзяржавай праведзена маштабная праца па стварэнні сучаснай інфраструктуры, але яна сама па сабе медалі не выйграе”.

Кавальчук адзначыў, што футбол “знаходзіцца ў фокусе пільнай увагі на самым высокім узроўні“, Аляксандр Лукашэнка “асабіста трымае на кантролі пытанні яго развіцця, разумеючы каласальную сацыяльную значнасць футбола“.

Пры гэтым сам Лукашэнка сёлета ў чэрвені на нарадзе па развіцці хакея заявіў: “Калі футбалісты будуць гуляць так, як у нас хакеісты гуляюць, я з вялікім задавальненнем буду надаваць увагу і футболу. Але там пакуль няма на што глядзець”.

У цяперашні час нацыянальная футбольная зборная Беларусі ўдзельнічае ў Лізе нацый — турніры, які праводзіцца пад эгідай Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА). Каманда галоўнага трэнера Віктара Ганчарэнкі правяла чатыры матчы (з Албаніяй — 0:2, Сан-Марына — 4:0, Фінляндыяй — 0:0 і 1:0).

Беларускія клубы сёлета ў чарговы раз не прабіліся ў асноўныя раўнды еўракубкаў.

29 лютага 2024 года, заслухаўшы даклад аб развіцці беларускага футбола, Лукашэнка заявіў: “Агулам, калі ацэньваць нашыя спартыўныя дасягненні, яны нікуды не прыдатныя”. “Сорамна глядзець. Часам брыдка. Такі спорт народу не патрэбны. І з бюджэту ніхто гэта фінансаваць не будзе. Пра футбол я баюся нават казаць. Мы некаторыя каманды з суседніх дзяржаў раней у футболе проста не заўважалі. А цяпер?!” — сказаў ён.

Праз саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны ў дачыненні да беларускага футбола былі ўведзеныя частковыя санкцыі. Клубы і зборныя не могуць праводзіць хатнія міжнародныя матчы ў Беларусі — толькі на нейтральных палях і без гледачоў. РФ адхіленая ад міжнароднага футбола цалкам.

Акрамя таго, беларускі футбол пацярпеў ад масавых рэпрэсій, якія пачаліся ў 2020 годзе.

Падзяліцца: