be
Arrow
Мінск 18:20

Дзяржава атрымлівае выгаду ад прымусовай працы — праваабаронцы

Ілюстрацыя: pixabay.com

16 кастрычніка, Позірк. Беларуская дзяржава не проста талеруе прымусовую працу, але ў многіх кантэкстах сама стварае, рэгулюе, адмініструе механізмы, праз якія людзей прымушаюць працаваць, і атрымлівае выгаду. Пра гэта заявілі праваабаронцы на сайд-івэнце “Дзяржаўны бізнес рэпрэсій: прымусовая праца ў Беларусі”, які адбыўся 14 кастрычніка ў Варшаве на Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Мерапрыемства арганізаваў праваабарончы цэнтр “Вясна” (працуе ў выгнанні). 

Спецыяльны дакладчык ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, які ўзяў удзел праз відэасувязь, адзначыў, што палітвязні “часта падвяргаюцца небяспечным умовам працы”. “Адмова ад працы можа прывесці да крымінальнага пераследу і працягнення тэрміну пазбаўлення волі”, — дадаў ён.

Муйжніекс нагадаў, што мандат Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) прасіў даць доступ у месцы пазбаўлення волі ў Беларусі — да гэтага далучыліся і сам спецдакладчык, а таксама Група незалежных экспертаў ААН. Ён рэкамендаваў беларускім уладам ратыфікаваць Факультатыўны пратакол да Канвенцыі супраць катаванняў, што дазволіла б атрымаць доступ у калоніі для маніторынгавых місій.

Акрамя таго, спецдакладчык парэкамендаваў Беларусі рэфармаваць заканадаўства і практыку: ліквідаваць лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП) і рэфармаваць сістэму працы зняволеных.

Сябра праўлення “Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначыў, што ЛПП — рудымент савецкай сістэмы, які застаўся толькі ў Беларусі. “І за гады праўлення Лукашэнкі вельмі актыўна прымяняецца. Як мінімум да сямі тысяч мужчын і жанчын штогод ізалююцца ў ЛПП”, — падкрэсліў праваабаронца.

Беларуская праваабарончая супольнасць разглядае ЛПП як частку пенітэнцыярнай сістэмы, дзе грамадзяне ўтрымліваюцца прымусова і прыцягваюцца да абавязковай працы. 

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі распавёў пра людзей, якія пражываюць у так званых сацыяльных пансіянатах, якія раней называліся інтэрнатамі. Такіх у краіне 82, дзе пражывае каля 23 тыс. чалавек. Большая частка пансіянатаў — для людзей з псіханеўралагічнымі і псіхасацыяльнымі парушэннямі здароўя, гэта каля 16 тыс. чалавек. Амаль усе яны пазбаўленыя дзеяздольнасці, але іх прымушаюць працаваць. “Калі чалавек паспрабуе адмовіцца выконваць тую ці іншую працу, то адміністрацыя мае велізарную колькасць мер і сродкаў для таго, каб прымусіць яго”, — адзначыў дырэктар офіса.

Праваабаронцы не ведаюць дакладную колькасць тых, каго прымушаюць працаваць у пансіянатах, але ўказваюць на сістэматычнае паўтарэнне такіх фактаў.

Прадстаўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў і былы палітвязень Сяргей Антусевіч распавёў, як асабіста сутыкнуўся з сістэмай прымусовай працы ў няволі. 

Паводле беларускага заканадаўства, зняволеныя абавязаныя працаваць. Праца зняволеных не забароненая канвенцыяй МАП №29, аднак, калі яны працуюць на бізнес, патрабуецца згода з папярэднім інфармаваннем.

“У калоніі я здымаў ізаляцыю з алюмініевых дратоў і апрацоўваў ПЭТ-бутэлькі. Норма за змену — пяць кілаграмаў. Частка гэтай працы выконвалася для прыватнага прадпрымальніка. Ён прыходзіў у калонію і распавядаў, як нам апрацоўваць для яго матэрыялы. Адмовіцца ад працы было немагчыма, інакш маглі ў тым ліку змясціць у ШІЗА”, — падзяліўся Антусевіч.

Паводле даследавання “Катаванні і жорсткае абыходжанне з былымі беларускімі палітвязнямі пасля 2020 года”, апублікаваным у міжнародным навуковым часопісе Torture, у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі шырока распаўсюджаны фізічны і псіхалагічны гвалт, умовы ўтрымання цяжкія.

Аб фізічным гвалце пры затрыманні заявіла 66 з 77 удзельнікаў (85,7%), аб фізічных катаваннях або фізічным жорсткім абыходжанні падчас зняволення — 68 (88,3%). Сярод апісаных метадаў названыя прымусовае распрананне, прыніжальныя працэдуры, збіццё, вымушанае знаходжанне ў балючых позах і небяспечная прымусовая праца.

Гл. таксама:

“Вон адсюль!” Ультраправы нямецкі дэпутат-бізнесмен выклікаў паліцыю на журналістаў і былога вязня, які працаваў на яго беларускім прадпрыемстве

Падзяліцца: