Вучэнні АДКБ у Беларусі “зрабілі свой значны ўнёсак у падтрыманне міжнароднага міру і стабільнасці”, мяркуе кіраўнік Генштаба

16 кастрычніка, Позірк. Аб выхадзе на “новы ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі і згуртаванасці” вайскоўцаў вайсковых кантынгентаў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Уладзімір Белы, падводзячы вынікі вучэнняў “Непарушнае братэрства-2026” і “Бар’ер-2026”.
“Гэта значыць, што ва ўмовах бягучай ваенна-палітычнай абстаноўкі здолелі зрабіць свой значны ўнёсак у падтрыманне міжнароднага міру і стабільнасці, ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі”, — цытуе военачальніка прэс-служба Мінабароны.
На думку Белага, “воінскія кантынгенты ў чарговы раз наглядна прадэманстравалі высокую зладжанасць, гатоўнасць да адказу на любыя выклікі і пагрозы”. “Бяспека на еўразійскай прасторы і надалей павінна заставацца нашай агульнай справай, грунтуючыся на прынцыпах цеснага супрацоўніцтва, адкрытасці і ветлівасці, выключаючы кантэкст нацыянальных рознагалоссяў”, — сказаў прадстаўнік ведамства.
Як заявіў начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ Андрэй Сердзюкоў, “міратворчасць у сучасных умовах стала адным з найважнейшых інструментаў рэагавання на ўзрослую актыўнасць дэструктыўных сіл”.
“Валодаючы эфектыўным інструментам стрымлівання канфліктуючых бакоў ад прымянення гвалту, аднаўленне нармальнага жыцця, дзе сутыкненне ўсё ж такі адбылося, з’яўляецца неабходным атрыбутам любой міжнароднай структуры, якая функцыянуе ў сферы бяспекі”, — заявіў Сердзюкоў, які прадстаўляе Расею і ўключаны ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін як удзельнік агрэсіі РФ супраць Украіны.
Пра пачатак вучэнняў Мінабароны паведаміла 11 кастрычніка. Тэрміны правядзення першапачаткова не называліся.
Адзначалася, што ў Віцебску будуць праходзіць камандна-штабныя вучэнні “Непарушнае братэрства-2026” (Калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ), у Старых Дарогах (Мінская вобласць) — спецыяльныя вучэнні “Бар’ер-2026” (сумесныя фарміраванні радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, а таксама медыцынскага забеспячэння).
12 кастрычніка паведамлялася, што “першачарговай задачай“ Калектыўных міратворчых сіл АДКБ стануць “раз’яднанне супрацьлеглых бакоў і прывядзенне іх да мірнага ўрэгулявання канфлікту”.
15 кастрычніка ў рамках вучэнняў вайскоўцы адпрацавалі арганізацыю “бяспечнага транзіту транспартных сродкаў“ і “бесперашкодную дастаўку гуманітарнай дапамогі насельніцтву“, “адбілі напад умоўнага праціўніка на калону з гуманітарным грузам”.
У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі аб магчымым выхадзе з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну“ супраць Арменіі разам з Баку.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. На гэтым фоне вучэнні сілавікоў, у тым ліку вайскоўцаў, беларускі рэжым праводзіць амаль безупынна.

- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка"Банкаўскі веснік": Асноўная прычына росту цэн — інфляцыя выдаткаў дзяржпрадпрыемстваў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка

