Мінск 22:53

Набліжаны да Лукашэнкі бізнесмен Верабей: Я не хацеў бы ў дзяржавы нешта браць

Мікалай Верабей
Архіўнае фота: tut.by

16 кастрычніка, Позірк. Кожны бізнесмен павінен быць карысным дзяржаве і грамадству, заявіў набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі прадпрымальнік Мікалай Варабей, паведамляюць дзяржСМІ.

Напярэдадні Лукашэнка паабяцаў Вераб’ю зямлі для вытворчасці кармоў у Віцебскай вобласці і фінансавую падтрымку.

Верабей, размаўляючы з супрацоўнікамі дзяржСМІ, заявіў, што не падвядзе людзей і Лукашэнка, дадаўшы, што “зрабіць нешта для людзей — гэта прыносіць задавальненне”.

Бізнесмен таксама заявіў, што перадача дзяржавай тых ці іншых актываў для развіцця праектаў не з’яўляецца бязвыплатнай.

“Я не хацеў бы, каб яно перадавалася. Мы ўсе аплацім, што вінныя будзем дзяржаве за сельгасугоддзі або прадпрыемствы. Гэта не будзе нейкая перадача. Я не хацеў бы ў дзяржавы нешта браць. Як бізнесмен мяркую, што дзяржаве трэба даваць. І кожны бізнесмен павінен быць карысным дзяржаве і грамадству. Тады гэта правільны і добры бізнэсмэн. Толькі браць у дзяржавы — гэта не маё, я гэтага не хацеў бы“, — падкрэсліў Верабей.

Паводле слоў бізнесмена, ён даўно працуе на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна (Лукашэнка наведаў яго 15-16 кастрычніка) і спачатку больш канцэнтраваўся на развіцці паляўнічай гаспадаркі, ператварыўшы гэтае месца “сапраўды ў жамчужыну ў частцы палявання і рыбалоўства”.

Пазней бізнесмен пачаў рэалізоўваць сельскагаспадарчы праект — жывёлагадоўчы комплекс. “Для нас справа новая, асвойваем, але настроеныя рашуча”, — адзначыў ён, кажучы пра комплекс “Чырвоны Бор Агра” па развядзенні буйной рагатай жывёлы мясных парод, дзе Лукашэнка пабываў 15 кастрычніка. Там жа і ішла размова аб перадачы бізнесмену новых зямель для развіцця вытворчасці.

“Гэта скончылі. Пачалі будаўніцтва першага малочна-таварнага комплексу. Другі пачнем вясной. Далей — племянная жывёлагадоўля. Ёсць планы. Будзем інвеставаць у развіццё гэтага рэгіёну”, — сказаў бізнесмен.

“Гэта працоўныя месцы, зарплата, інфраструктура. Мы пабудавалі дарогі, месцы адпачынку, кафэ ў вёсках ёсць. Гэта паўсядзённае жыццё людзей, і яна складаецца з гэтага. Яны могуць дзесьці працаваць, адпачываць. Дзеці павінны вучыцца ў школе”, — дадаў Верабей.

Таксама паведамляецца, што прадпрымальнік займаецца развіццём турыстычнага комплексу “Чырвоны Бор”. Комплекс атрымаў статус аздараўленчага комплексу. “Будзем асвойваць медыцынскі кірунак”, — сказаў бізнесмен.

Варабей таксама паведаміў, што з ліку работнікаў паляўнічай гаспадаркі і турыстычнага комплексу быў створаны атрад народнага апалчэння, на вучэбна-трэніровачным занятку атрада якога пабываў Лукашэнка.

“Мы не нейкая прыватная армія. Гэта ўсе нашы супрацоўнікі. Яны павінны ўмець абараняць сваю радзіму, вёску, сям’ю, дзяцей. Мы ўсё робім, каб гэта было. Мы іх экіпіявалі. Яны з задавальненнем гэтым займаюцца. Усе маладыя хлопцы хочуць у гэтым удзельнічаць, робяць з вялікім задавальненнем”, — заявіў бізнесмен.

Мікалай Варабей — буйны беларускі бізнесмен з Наваполацка, якога ў СМІ і міжнародных расследаваннях называюць адным з галоўных “кашалькоў“ Лукашэнкі. Яго бізнес-імперыя будавалася на гандлі нафтапрадуктамі, вугле, транзіце і банкаўскай сферы. Пасля падзей 2020 года ў Беларусі ён стаў аб’ектам міжнародных санкцый.

Верабей з’яўляецца саўладальнікам “Брэміна Груп“, якая, як паведамляў Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ),“атрымлівала смачныя ўчасткі на будаўніцтва мытна-лагістычных цэнтраў проста на галоўных грузавых памежных пераходах Беларусі — у Бераставіцы і Брузгах”.

“У 2018 годзе Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сваю дапамогу гаспадарам “Брэміна Груп “і запатрабаваў паскорыць будаўніцтва комплексу, а яшчэ праз год узаконіў, мабыць, найбуйнейшы ўнутрыбеларускі афшор — адмысловую эканамічную зону “Брэміна-Орша”. Ільгот там нават больш, чым у кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень“ або Парку высокіх тэхналогій“, — гаварылася ў расследаванні БРЦ.

У 2023 годзе Верабей праз Еўрапейскі суд у Люксембургу беспаспяхова спрабаваў аспрэчыць уведзеныя супраць яго санкцыі. У рашэнні суда адзначалася, што Верабей — “адзін з вядучых бізнесменаў, якія працуюць у Беларусі, з бізнес-інтарэсамі ў нафтавай, транзітнай, вугальнай, банкаўскай і іншых галінах“, а яго “Брэміна Груп“ — “карысталася падатковымі льготамі і іншымі формамі падтрымкі з боку беларускіх уладаў“.

Такім чынам, на думку суда, пазоўнік “атрымлівае выгаду і падтрымлівае [рэжым Лукашэнкі]”. Суд таксама адзначыў, што Верабей належыць да “блізкага кола бізнесменаў, звязаных з Лукашэнкам, якія падтрымліваюць цесныя сувязі з ім і ягонай сям’ёй“.

У 2025 годзе БРЦ паведаміў, што звязаная ў тым ліку з Вераб’ём кампанія пастаўляла ў Расію забаронены растваральнік, які выкарыстоўваецца ў хімічнай зброі, больш чым на 15 млн долараў ЗША.

Вераб’я таксама абвінавачвалі ў абыходзе санкцый і наяўнасці элітнай нерухомасці ў Аўстрыі, нягледзячы на абмежавальныя меры. Акрамя таго, у яго былі інтарэсы ва Украіне, пра што пісалі мясцовыя СМІ.

Падзяліцца: