Мінск 14:16

Ад пачатку года МНС паведаміла як мінімум пра дзевяць пажараў у лазнях агульнага карыстання

Пажар у гарадской лазні Кобрына (17 кастрычніка 2026 года)
Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

17 кастрычніка, Позірк. Ад пачатку 2026 года прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла як мінімум пра дзевяць пажараў у лазнях агульнага карыстання, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз публікацый ведамства.

Апошні выпадак здарыўся 17 кастрычніка ў Кобрыне (Брэсцкая вобласць) — гарэла гарадская лазня на вул. Савецкай. Паводле інфармацыі МНС, да моманту прыбыцця пажарных “з вокнаў другога паверха двухпавярховага будынка ішоў дым”. Людзей унутры не было, адпаведна, ніхто не пацярпеў. Пажар ліквідаваны, прычыны яго ўзнікнення высвятляюцца.

Сёлета ўвосені ведамства паведамляла яшчэ пра адзін такі выпадак — 19 верасня гарэла лазня ў аграгарадку Астромічы (Кобрынскі раён). Тады таксама абышлося без пацярпелых.

Улетку МНС зарэгістравала тры пажары ў лазнях, прычым два з іх — у адзін дзень. Першы выпадак адбыўся 23 ліпеня на тэрыторыі дзіцячага спартыўна-аздараўленчага лагера ў вёсцы Азіна (Полацкі раён Віцебскай вобласці). Два іншыя — 25 ліпеня, гарэлі грамадскія лазні ў гарадскім пасёлку Радашковічы (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці) і аграгарадку Жыровічы (Слонімскі раён Гродзенскай вобласці). Калі ў Радашковічах ніхто не пацярпеў, бо падчас пажару ў будынку нікога не было, то ў Жыровічах трагедыі ўдалося пазбегнуць, бо 17 наведвальнікаў лазні самастойна пакінулі небяспечную зону.

Найбольш пажараў у лазнях, як вынікае з публікацый, здарылася ўзімку: 23 студзеня — на тэрыторыі гасцінічнага комплексу ля вёскі Валова Гара (Лепельскі раён Віцебскай вобласці); у ноч на 5 лютага — на вул. Калініна ў Мазыры (Гомельская вобласць), дзе агнём таксама былі ахопленыя гараж і мікрааўтобус; 10 лютага — на вул. Дзяржынскага ў Оршы (Віцебская вобласць), чалавек, які там знаходзіўся, сам пакінуў будынак і не пацярпеў; 23 лютага — на вул. Маскоўскай у Мінску.

Падзяліцца: