Мінск 20:40

Мытнікі не дазволілі вывезці з Беларусі банкноты, прызнаныя культурнымі каштоўнасцямі

Фота: прэс-служба ДМК

1 ліпеня, Позірк. Незаконны вываз 28 банкнот, прызнаных культурнымі каштоўнасцямі, спынілі мытнікі ў пункце пропуску Бераставіца (з польскага боку — Баброўнікі), паведаміла 1 ліпеня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, кіроўца аўтамабіля “Фіят”, выязджаючы ў Польшчу, рухаўся праз “чырвоны калідор”, які мяркуе, што асоба мае нешта, што патрабуе дэкларавання. Ён падаў дэкларацыю для “завяршэння часовага ўвозу аўтамабіля”, наяўнасць іншых тавараў, якія маюць быць задэклараваныя, не пацвердзіў.

“Аднак мытнікі пры аглядзе асабістых рэчаў знайшлі старадаўнія банкноты, якія былі накіраваныя на экспертызу ў Мытную лабараторыю, — гаворыцца ў паведамленні. — Заключэнне эксперта пацвердзіла, што грашовыя знакі, вырабленыя больш за 100 гадоў таму, адносяцца да катэгорыі культурных каштоўнасцей”.

На фатаздымку, апублікаваным ведамствам, бачныя банкноты часоў Расійскай імперыі, перыяду рэвалюцыі 1917 года ды інш.

У дачыненні да грамадзяніна распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 1 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне або падача недакладных звестак пра тавары).

Падзяліцца: