Мінск 19:18

Крутой пра работнікаў з Узбекістана: Гэта не бескантрольная міграцыя, а прыезд спецыялістаў на інвестпраекты

Архіўнае фота: рэгіянальнае медыя Andijon Bugun Rasmiy

18 ліпеня, Позірк. Людзі “не вельмі пачулі тое, пра што” ў кантэксце прыезду работнікаў з Узбекістана казалі прэзідэнт гэтай краіны Шаўкат Мірзіёеў і Аляксандр Лукашэнка, такое меркаванне выказаў журналістам 18 ліпеня кіраўнік адміністрацыі апошняга Дзмітрый Крутой.

“Спецыфіка апошніх перамоў і апошніх дамоўленасцей у тым, што лідары нашых краін гаварылі пра інвестыцыі”, — сказаў ён (на падставе відэазапісу ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі).

Паводле слоў чыноўніка, “просты гандаль” у Беларусі з Узбекістанам “развіваецца нядрэнна”. Пабачыўшы ў Мінску “сур’ёзных партнёраў”, якія рэалізавалі ва Узбекістане “шэраг вельмі добрых праектаў, звязаных з машынабудаваннем, перапрацоўкай мясной прадукцыі, лёгкай прамысловасцю”, кіраўнік гэтай краіны ў Цэнтральнай Азіі “выступіў з сустрэчнай ініцыятывай”.

“Насельніцтва [Узбекістана складае] 39 мільёнаў, харчовая бяспека для іх — пытанне нумар адзін, — заявіў Крутой. — І ў Беларусі яны хацелі б рэалізаваць інвестыцыйныя праекты, звязаныя з аграпрамысловай перапрацоўкай у першую чаргу, пастаўляць [дадому] атрыманую прадукцыю мясную, малочную. Апошнія абмеркаванні тычыліся бульбы. Здавалася б, мы ў Беларусь у сакавіку-красавіку завозім самі раннюю ўзбекскую бульбу, але пасля ў іх пачынаецца спёка — і да верасня-кастрычніка яны проста не маюць позніх гатункаў бульбы, таму на рынку ўзнікае дэфіцыт. І яны ў рамках адпаведных інвестыцыйных праектаў у нас маглі б займацца пастаўкамі бульбы да сябе ў краіну”.

“І пад гэтыя інвестыцыйныя праекты, натуральна, яны б прыцягнулі свае працоўныя рэсурсы. Гэта абсалютна не нейкая бескантрольная міграцыя, гэта міграцыя, як сказаў прэзідэнт Узбекістана, пад яго фактычна асабістым кантролем. Тыя спецыялісты, якія прыедуць і будуць працаваць на гэтых інвестыцыйных праектах або асвойваць гэтыя інвестыцыйныя пляцоўкі, якія мы ім прадставім, яны будуць мець адпаведную кваліфікацыю і падрыхтоўку”, — патлумачыў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі.

Крутой заявіў, што схема прыезду ў Беларусь якіх бы то ні было замежных работнікаў “абсалютна зразумелая” — у яе аснове ляжаць заяўкі беларускіх арганізацый, якія хацелі б прыцягнуць працоўныя рэсурсы з-за мяжы. Акрамя таго, падкрэсліў ён, існуе “фільтр амбасадаў”, якія “абавязкова праглядаюць гэтыя спісы, правяраюць людзей праз адпаведныя базы, у першую чаргу [па] іх надзейнасці з пункту гледжання здзейсненых правапарушэнняў”.

“І пасля ўжо яны, прыязджаючы да нас у краіну, з гэтым кіраўніком, які падаваў на іх заяўку, заключаюць працоўны дагавор, дзе выразна прапісваюцца ўсе ўмовы, звязаныя з заробкам, выпрацоўкай, прэміямі, — адзначыў спікер. — І вельмі важны момант — гэта жыллё. Таму што выкарыстоўваюцца розныя формы найму жылля — ад гасцініц, інтэрнатаў, там, дзе яны маюцца, да ўмоў арэнднага жылля і зноў пабудаванага. Тут яны маюць, у прынцыпе, тыя ж абсалютна ўмовы, што і нашы беларусы”.

“Калі яны прыязджаюць з сем’ямі, то жонка і дзеці, натуральна, адпаведным чынам таксама сацыялізуюцца — ёй прадастаўляецца праца, дзеці ідуць у школу, дзіцячы садок. Ніякай дыскрымінацыі тут няма, абсалютна зразумелая, выразная сістэма, якая працуе шмат гадоў”, — дадаў ён.

Кажучы непасрэдна пра сітуацыю з работнікамі з Узбекістана, Крутой заявіў, што “тэма абсалютна не апраўданая, раздзьмутая інфармацыйна”.

“Натуральна, гэта нейкі гарачы хайп для нашай збеглай апазіцыі — дакладна такі ж, як у нас было з Пакістанам, калі памятаеце. Цяпер ужо ніхто пра міфічных пакістанцаў не ўзгадвае. <…> І тое, што пачынаюць выдзіраць словы з кантэксту, дадумваць і казаць, што гэта прыедуць нейкія гастарбайтары, якія будуць зарабляць грошы і тут жа адсылаць іх там сваім родным ва Узбекістан, а тут у нас нічога не будзе заставацца, — у нас у рэспубліцы абсалютна не так. Схема складаецца менавіта такім чынам, каб гэта было выгадна і Узбекістану, і Рэспубліцы Беларусь”, — падсумаваў Крутой.

На сустрэчы з Мірзіёевым 9 ліпеня ў Мінску Лукашэнка прапанаваў узбекскім працоўным мігрантам прыязджаць у Беларусь з сем’ямі.

13 ліпеня ў Беларусь прыбыло некалькі соцень жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана, якіх працаўладкавалі ў Віцебскай вобласці. На наступны дзень прэс-служба Лукашэнкі анансавала прыезд у гэты рэгіён 5 тыс. работнікаў з гэтай краіны.

Паводле інфармацыі ўзбекскіх СМІ, 15 ліпеня некаторыя работнікі праз сацыяльныя сеткі выказалі незадаволенасць умовамі жыцця і заробкам. Аднак на наступны дзень працоўныя мігранты запісалі новае відэа, у якім сцвярджалася, што “спрэчныя пытанні вырашаныя, і яны задаволеныя ўмовамі працы і пражывання”.

У наступныя дні пра сітуацыю з работнікамі з Узбекістана актыўна выказваліся чыноўнікі, напрыклад міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, які заявіў, што з тымі, хто прыбыў, “няма ніякіх праблем”. 17 ліпеня з грамадзянамі Узбекістана — работнікамі прадпрыемства “Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў” (Наваполацк, Віцебская вобласць) сустрэлася старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Па выніках размовы кіраўніца верхняй палаты парламента заявіла, што “пытанняў яны не маюць”.

Узбекістан анансаваў адкрыццё ў Віцебску міграцыйнага агенцтва для працаўладкавання суайчыннікаў

15 ліпеня, Позірк. "Пытанні арганізаванага працаўладкавання грамадзян" у Беларусі абмяркоўваліся 15 ліпеня ў Ташкенце на нарадзе з удзелам прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, паведамляе яго прэс-служба. Як адзначаецца ў рэлізе, "на першым этапе" ў Беларусі плануецца працаўладкаваць на конкурснай аснове 1.100 …
Падзяліцца: