Мінск 21:48

Памежная служба Латвіі аднавіла праверку транспарту, які ўязджае з Беларусі

Фота: Дзяржаўная памежная ахова Латвіі

4 жніўня, Позірк. Аб частковай ліквідацыі “тэхнічных збояў у працы інфармацыйных сістэм” у пункце пропуску Патэрніекі (з беларускага боку Грыгароўшчына) паведаміла Дзяржаўная памежная ахова Латвіі.

“На гэты момант адноўлена правядзенне памежнага кантролю на ўезд з Беларусі”, — адзначае памежная служба.

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, у 20:00 4 жніўня ў пункце Патэрніекі ўезду ў Латвію чакала 80 грузавікоў. Легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на мяжы з беларускага боку не было.

Раней 4 жніўня ўрад Латвіі анансаваў аднаўленне працы пункта пропуску Патэрніекі — адзінага дзеючага на мяжы з Беларуссю.

Пра закрыццё мяжы з Беларуссю “з тэхнічных прычын” заявіў увечары 31 ліпеня міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава.

Паводле слоў прадстаўніка Дзяржаўнай памежнай аховы Крысціне Петэрсоне, у пункце пропуску Патэрніекі “ўзніклі тэхнічныя праблемы, звязаныя са збоямі ў працы інфармацыйных сістэм”. У сувязі з гэтым, як сказала яна, “правядзенне памежнага кантролю цяпер немагчымае”.

30 ліпеня Домбрава заклікаў суайчыннікаў устрымацца ад паездак у Беларусь. Прычынай міністр назваў разгорнутую Беларуссю “міграцыйную гібрыдную вайну”, калі з яе тэрыторыі ў Латвію рэгулярна спрабуюць пранікнуць нелегальныя мігранты з краін Азіі і Афрыкі. У такіх умовах, паводле слоў кіраўніка МУС, “бяспечнае перамяшчэнне паміж краінамі можа быць цяжкім”.

Беларускае Міністэрства замежных спраў 3 жніўня заявіла аб магчымасці прыняць у дачыненні да Латвіі “дзеянні ў адказ”, у тым ліку “несіметрычнага характару”, у сувязі з закрыццём латвійскім бокам пункта пропуску Патэрніекі.

Як паведамляў “Позірк”, у ліпені 2026 года Латвія зарэгістравала 2.275 спробаў парушэння мяжы мігрантамі, якія спрабуюць трапіць у Еўрасаюз праз Беларусь (Літва — 163, Польшча — 106).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: