Мінск 14:01

Жыхар Аршанскага раёна пазбаўлены правоў кіроўцы — вёз дзяцей, быўшы п’яным

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

7 лістапада, Позірк. Нецвярозага кіроўцу, які вёз пасажыраў, спынілі ў аграгарадку Барздоўка (Аршанскі раён Віцебскай вобласці) супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, паведаміла 7 лістапада прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, падчас дзяжурства ў гэтым населеным пункце інспектары праверылі аўтамабіль “Фольксваген” пад кіраваннем 62-гадовага мясцовага жыхара. У салоне знаходзіліся чатыры пасажыры, трое з іх — непаўналетнія.

“Фізічны стан кіроўцы выклікаў падазрэнне, — гаворыцца ў паведамленні. — Праведзены агляд паказаў наяўнасць у выдыханым паветры амаль паўтара праміле алкаголю. Мужчына адхілены ад кіравання, аўтамабіль змешчаны на ахоўную стаянку”.

Адзначаецца, што кіроўца аштрафаваны на 200 базавых велічынь (9.000 рублёў) і на 5 гадоў пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі.

Апошнім часам МУС нярэдка паведамляе пра трагічныя наступствы п’янай язды, прычым у некаторых выпадках самі кіроўцы — непаўналетнія.

Напрыклад, на гэтым тыдні Следчы камітэт абвясціў пра распачатую крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне ПДР і эксплуатацыі транспартнага сродку асобай, якая кіруе <…> у стане алкагольнага ап’янення, што з неасцярожнасці прывяло да нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання) у дачыненні да 17-гадовага жыхара Узды (Мінская вобласць). 25 кастрычніка юнак, быўшы п’яным і не маючы правоў кіроўцы, сеў за стырно бацькавага аўтамабіля “Опель Астра”. У ма узяўшы з сабой 16-гадовага сябра. Ва Уздзенскім раёне ён юны кіроўца даў рады кіраванню і ўрэзаўся ў апору лініі электраперадачы, плот, а пасля і жылы дом. Пасажыр атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, пацярпеў і сам кіроўца.

31 кастрычніка ў Лельчыцкім раёне (Гомельская вобласць) здарылася смяротная аварыя. 17-гадовы хлопец без дазволу ўзяў “Аўдзі” свайго старэйшага брата і разам з кампаніяй, з якой да гэтага выпіваў, выправіўся пакатацца. Малады чалавек не даў рады кіраванню — выехаў на сустрэчную паласу, а пасля, спрабуючы вярнуцца на сваю палову дарогі, вылецеў на абочыну і ўрэзаўся ў дрэва. У выніку загінула трое пасажыраў — двое 17-гадовых і адзін 16-гадовы. Сам кіроўца і яшчэ адзін пасажыр (15 гадоў) былі шпіталізаваныя. Па факце ДТЗ распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне ПДР або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што з неасцярожнасці прывяло да смерці дзвюх або больш асоб).

Падзяліцца: