Мінск 13:47

У Мінску замежная студэнтка атрымала 8 гадоў пазбаўлення волі за распаўсюд псіхатропаў

6 лістапада, Позірк. Суд Заводскага раёна Менска прыгаварыў 20-гадовую замежную студэнтку да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за незаконны абарот псіхатропных рэчываў, паведаміў Мінскі гарадскі суд. Дзяўчыне, грамадзянства якой не называецца, таксама прызначаны штраф у памеры 50 базавых велічынь (2.250 рублёў). Прысуд набыў моц.

Паводле інфармацыі суда, студэнтка ў складзе арганізаванай групы забірала аптовыя партыі псіхатропаў з схованак у Менску і Менскай вобласці. Дома яна дзяліла іх на дробныя дозы, раскладвала па іншых схованках і праз месенджар перадавала іх каардынаты саўдзельнікам.

Былі канфіскаваныя наркатычныя сродкі агульнай масай не менш за 5,03 грама і 46,3 грама жоўтага парашка. У абодвух выпадках рэчывы ўтрымлівалі асабліва небяспечны псіхатроп 4-СМС, які не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах.

У судзе дзяўчына прызнала віну, гаворыцца ў паведамленні. Яна патлумачыла, што прыехала ў Беларусь вучыцца, паступіла на платнае аддзяленне БДУІР і стала наркакур’ерам, каб аплаціць вучобу.

Студэнтка прызнана вінаватай у набыцці, захоўванні і перавозцы з мэтай збыту асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы (ч.4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса). Змякчальнай акалічнасцю суд прызнаў чыстасардэчнае раскаянне, абцяжваючай-карыслівыя падахвочванні. Мабільны тэлефон дзяўчыны канфіскаваны.

Паводле даных Вярхоўнага суда, за першыя шэсць месяцаў 2026 года за звязаныя з наркотыкамі злачынствы асуджана 1.039 чалавек, з іх 666 — за “незаконны абарот без мэты збыту“ (ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса), 314 — за “незаконны абарот з мэтай збыту“ (ч. 2-5 арт. 328 КК).

Падзяліцца: