Мінск 12:48

Ашуканцы пераканалі мінскага трэцякласніка перадаць кур’еру 12 тыс. долараў

6 лістапада, Позірк. У Мінску дзевяцігадовы школьнік на ўказанне тэлефонных махляроў перадаў кур’еру сямейныя зберажэнні — 12 тыс. долараў, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Спачатку хлопчыку патэлефанавалі ад імя службы па замене дамафонаў і папрасілі прадыктаваць код з СМС. Затым іншы суразмоўца, які прадставіўся супрацоўнікам праваахоўных органаў, заявіў, што даныя дзіцяці патрапілі да ашуканцаў і будуць выкарыстаныя для незаконных аперацый. Ён пераканаў школьніка сабраць усе наяўныя грошы ў доме і перадаць “на праверку“.

Застаючыся на відэасувязі, хлопчык пералічыў грошы, склаў у пакет і аддаў незнаёмцу ў пад’ездзе. У міліцыю звярнуліся бацькі дзіцяці.

Аператыўнікі затрымалі кур’ера-18-гадовага мінчаніна, які сам паверыў ашуканцам. На іх ўказанне ён забраў зберажэнні па двух адрасах і перадаў грошы далей. Следчыя распачалі крымінальную справу аб махлярстве.

МУС падкрэслівае, што пра падобныя схемы хлопчыка папярэджвалі і бацькі, і ў школе. Ведамства заклікала бацькоў тлумачыць дзецям, што дарослыя не звяртаюцца да іх па дапамогу ў фінансавых і прававых пытаннях. Калі па тэлефоне пагражаюць або патрабуюць задэклараваць зберажэнні, варта перапыніць размову і паведаміць пра званок у міліцыю.

Падзяліцца: