Мінск 10:41

Коўл па сваёй ініцыятыве дамагаецца транзіту беларускага калію праз Літву, сцвярджае чыноўнік амерыканскай адміністрацыі

Джон Коўл
Архіўнае фота: "Позірк"

6 лістапада, Позірк. Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл з ўласнай ініцыятывы дамагаецца аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Літву, паведаміў украінскаму выданню The Kyiv Independent амерыканскі ўрадавы чыноўнік. Паводле яго, ні Дзярждэпартамэнт, ні адміністрацыя Дональда Трампа агулам гэтую ініцыятыву не прасоўваюць.

Некалькі амерыканскіх чыноўнікаў у гутарцы з выданнем выказалі незадаволенасць тым, што знешнепалітычныя ініцыятывы ўнутры адміністрацыі Трампа канкуруюць паміж сабой і дрэнна ўзгодненыя. Адзін з суразмоўцаў назваў палітыку ЗША “шызафрэнічнай”. Паводле яго слоў, кадравыя дыпламаты Дзярждэпартамента часцяком не ведаюць пра ініцыятывы, якія самастойна прасоўваюць Коўл і іншы спецпасланнік Трампа, па кантактах з Расіяй, Стыў Уіткаф.

Прадстаўнік адміністрацыі Трампа заявіў выданню, што ЗША закупляюць калійныя ўгнаенні ў некалькіх пастаўшчыкоў і рэгулярна абмяркоўваюць з саюзнікамі і партнёрамі камерцыйныя магчымасці, якія адказваюць амерыканскім эканамічным інтарэсам. Зняцце санкцый з беларускіх вытворцаў калію ён звязаў з “канструктыўным узаемадзеяннем” Мінска і Вашынгтона, а таксама вызваленнем палітвязняў. Каментаваць канкрэтныя здзелкі чыноўнік адмовіўся.

Са слоў еўрапейскага чыноўніка, знаёмага з пазіцыяй Вільнюса, Дзярждэпартамент ЗША ніколі не ўздымаў перад Літвой пытанне аб аднаўленні транзіту беларускіх угнаенняў. Ініцыятыва зыходзіць выключна ад Коўла, сцвярджае суразмоўца выдання. Газета адзначае, што спецпасланнік на неаднаразовыя запыты журналістаў не адказаў.

29 кастрычніка амерыканскае выданне Politico са спасылкай на чатырох еўрапейскіх чыноўнікаў паведаміла, што Коўл абмяркоўваў з літоўскімі дыпламатамі магчымасць аднавіць пастаўкі беларускага калію праз Клайпедскі порт. Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс 4 лістапада зняпраўдзіў інфармацыю пра ціск Вашынгтона на Вільнюс. Паводле яго слоў, у гутарках з амэрыканскім пасланцам абмяркоўваліся санкцыі супраць Мінска, аднак тэма ўгнаенняў не закраналася.

Падзяліцца: