Мінск 14:19

Нацбанк пакінуў на 2027 год ранейшым пералік сістэмна значных банкаў, “Сбер” пераведзены з другой у першую групу

Ілюстрацыя: 1prof.by

6 лістапада, Позірк. Нацыянальны банк пакінуў ранейшым на 2027 года пералік з 11 сістэмна значных банкаў, вынікае з паведамлення прэс-службы рэгулятара.

Пералік складаецца з двух груп. У першай знаходзяцца “Беларусбанк“, “Белаграпрамбанк“, “Прыёрбанк“і “Альфа-Банк”. Зараз да іх дададзены “Сбер Банк“.

У другой групе засталіся “Белгазпрамбанк“, “Белінвестбанк“, “Банк БелВЭБ“, “МТбанк“, “Банк ВТБ (Беларусь)“ і “БНБ-Банк”.

“Аднясенне банкаў да ліку сістэмна значных здзейснена на падставе агрэгаванай ацэнкі іх сістэмнай значнасці па такіх паказчыках, як маштаб дзейнасці банка, яго ўзаемазвязанасць з банкамі-рэзідэнтамі, значнасць для эканомікі і ўзаемазвязанасць з нерэзідэнтамі”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Названым банкам неабходна забяспечыць “захаванне нарматываў дастатковасці нарматыўнага капіталу, значэнне якіх вызначаецца з улікам буфера сістэмнай значнасці”.

Акрамя таго, у гэтых фінансава-крэдытных установах саветам дырэктараў (наглядальным саветам) з ліку яго членаў і работнікаў банка павінен быць сфарміраваны камітэт па ўзнагароджаннях, узначалены незалежным дырэктарам.

Банк з першай групы абавязаны ўтрымліваць на 0,5 працэнтнага пункта больш чыстага базавага капіталу ў адносінах да сваіх актываў, узважаным па ўзроўні рызыкі, чым банк з другой групы. У першай групе рэгулятарная нагрузка максімальная, у другой — падвышаная.

У Беларусі зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са стоадсоткавым замежным удзелам). Іх прыбытак на 1 кастрычніка 2026 года склаў 2 млрд 798,4 млн рублёў — на 17,4% менш, чым на аналагічную дату 2025-га (3 млрд 386,8 млн). Нарматыўны капітал на пачатак кастрычніка складаў 25 млрд 999,9 млн рублёў (+5,8% за 12 месяцаў); дастатковасць нарматыўнага капіталу — 19% (-1,2 адсоткавага пункта); схільныя да крэдытнай рызыкі актывы — 134 млрд 148,5 млн (+14,2%); неабслугоўваныя актывы — 3 млрд 313,5 млн (+15,7%).

Паводле аналізу, праведзенага “Позіркам“, на 1 кастрычніка 2026 года запазычанасць дзяржсектара па крэдытах склала 35 млрд 718 млн рублёў (32 млрд 603,1 млн; +9,6%), прыватнага — 66 млрд 912 млн (57 млрд 746,9 млн; +15,9%). Пратэрмінаваная: дзяржсектара —- 217,8 млн (51,5 млн; рост у 4,2 разы), прыватнага — 350,4 млн (222,6 млн; рост у 1,6 раза).

Нацбанк знізіў на лістапад 2026 года разліковыя велічыні стандартнай рызыкі. Для новых інвестыцыйных крэдытаў, прадастаўленых юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных), яны зменшаныя з 10,45% да 10,07% (тут і далей гадавых), для новых крэдытаў, выдадзеных юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных, інвестыцыйных), — з 11,79% да 11,39%.

Стаўкі для новых крэдытаў фізічным асобам (за выключэннем ільготных), зменшацца з 17,65% да 16,94%, для новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у рублях з тэрмінам вяртання ад года да трох гадоў — з 12,6% да 12,17%, для новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у рублях з тэрмінам вяртання больш за тры гады — з 14,5% да 14,33%.

1 чэрвеня рэгулятар знізіў стаўку рэфінансавання з 9,75% да 9,25%.

Падзяліцца: