Мінск 15:48

Праваабаронцам прыходзіць супярэчлівая інфармацыя аб умовах утрымання палітвязня Эдуарда Бабарыкі

Эдуард и Виктор Бабарико
Архивное фото: аккаунты Виктора Бабарико в соцсетях

6 лістапада, Позірк. Супярэчлівую інфармацыю аб умовах утрымання палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі паведамляюць крыніцы праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Спачатку з’явіліся звесткі, што ў траўні Бабарыку ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў следчую турму №1 Гродна. Неўзабаве іншая крыніца перадала, што той па-ранейшаму ў папраўчай калоніі № 8 у Оршы.

Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў зняволенні амаль шэсць з паловай гадоў. За гэты час сына былога банкіра, прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі двойчы судзілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, <…> здзейсненае асобай, якая асуджаная за цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства або дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў”.

Першы раз яму дадалі два гады зняволення, другі прысуд застаецца невядомым. 

5 ліпеня 2023 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Эдуарда Бабарыку да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (саўдзел у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (саўдзел у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК.

Сілавыя структуры ўнеслі Бабарыку-малодшага ў “экстрэмісцкі” і “тэрарыстычны” спісы. Перыядычна з’яўляецца інфармацыя пра тое, што яго маёмасць прадаецца на аўкцыёнах.

Да затрымання ў чэрвені 2020 года Эдуард Бабарыка кіраваў ініцыятыўнай групай па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты свайго бацькі (прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі, прызнаны палітвязнем, быў вызвалены 13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам). Раней узначальваў краўдфандынгавыя платформы Ulej і MolaMola.

Падзяліцца: