Мінск 12:03

У абноўленым навучальным цэнтры Ваеннай акадэміі абсталяваная траса для пілатавання FPV-дронаў

6 лістапада, Позірк. У абноўленым навучальным цэнтры Ваеннай акадэміі створаныя траса для навучання пілатаванню FPV-дронаў і вададром. Ёсць некалькі тактычных навучальных палёў і агнявых гарадкоў, паведаміла прэс-службы Міністэрства Абароны 6 лістапада па выніках адкрыцця комплексу з удзелам кіраўніка ведамства Віктара Хрэніна.

Паводле яго слоў, там змогуць займацца мотастралкі, танкісты і артылерысты, у тым ліку ў складзе малых груп.

Міністр спаслаўся на досвед вайны Расіі супраць Украіны, якую, карыстаючыся тэрміналогіяй краіны-агрэсара, назваў “спецыяльнай ваеннай аперацыяй“. Згодна з яго ацэнкай, істотна змяніліся спосабы вядзення баявых дзеянняў, узрасла роля аўтаматызацыі кіравання войскамі. “Ільвіную долю ў агнявым паразе занялі беспілотныя лятальныя апараты, рабатызаваныя комплексы”, — заявіў міністр. Наступны навучальны год ва Узброеных сілах, паводле яго слоў, названы годам удасканалення сістэмы процідзеяння беспілотным авіяцыйным комплексам.

Хрэнін назваў “добрай традыцыяй, закладзенай кіраўніком дзяржавы“ — здаваць “новыя або абноўленыя“ аб’екты напярэдадні 7 лістапада, “сустракаць святы добрымі справамі, пры гэтым клапоцячыся пра будучыню”.

“Мы, вайскоўцы, у гэтым таксама не адстаем. Цэнтр істотна мадэрнізаваны, рэканструяваны — гэта можна лічыць падарункам для нашай ваеннай акадэміі“, — заявіў міністр запрошаным СМІ.

Неабходнасць рэканструкцыі Хрэнін патлумачыў у тым ліку “гібрыднай вайной“, якая, як ён сцвярджае са спасылкай на Лукашэнку, “супраць нашай краіны ўжо доўгі час вядзецца”. На думку міністра, яе інтэнсіўнасць будзе ўзрастаць. Каб “гэтая вайна не перарасла ў гарачую фазу“, заявіў ён, ва Узброеных сілах праводзяць структурныя пераўтварэнні, нарошчваюць баявы патэнцыял, закупляюць новую тэхніку.

Паводле слоў Хрэніна, толькі ў 2026 годзе на ўзбраенне прынята больш за 80 узораў тэхнікі. Асобна ён паведаміў, што ў войскі “паступіла больш за дзясятак тысяч розных узораў для эксплуатацыі і навучання“.

Калі дзесяць гадоў таму ў навучанні курсантаў пераважала тэорыя, то цяпер больш за 70% навучальнага часу займае практыка, заявіў міністр. Паводле яго слоў, да моманту прыходу ў войскі афіцэр павінен валодаць навыкамі стральбы, кіравання і кіравання падраздзяленнем. “На сённяшні дзень у войску патрэбныя менавіта тыя камандзіры, якія змогуць у складанай, нестандартнай абстаноўцы хутка прымаць рашэнні, дзейнічаць не шаблонна“, — сказаў Хрэнін.

Беларусь — адзіная з былых савецкіх рэспублік, дзе 7 лістапада застаецца непрацоўным святочным днём у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Таксама гэты дзень мае святочны статус у непрызнаным Прыднястроўі (Малдова).

У Расіі 7 лістапада мае двайны статус. Гадавіна рэвалюцыі ўключаная ў пералік памятных дат, а гадавіна ваеннага параду на Краснай плошчы ў Маскве ў 1941 годзе адзначаецца як Дзень вайсковай славы. Сам парад быў прымеркаваны да 24-й гадавіны рэвалюцыі.

Аляксандр Лукашэнка летась 7 лістапада падчас наведвання Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці прызнаў нязначную падтрымку насельніцтвам Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. У той жа час прамоўца назваў гэты дзень “нармальным святам“ і заявіў, што не мае намеру ад яго адмаўляцца: “Мы яго асучаснілі“.

“Ёсць у нас адсоткаў 30 людзей, якія з павагай ставяцца да гэтага свята“, — цытавала палітыка ягоная прэс-служба.

Традыцыйна да 7 лістапада ў краіне адкрываюцца новыя аб’екты, часта з удзелам Лукашэнкі. Праходзяць цырымоніі з удзелам камуністаў, дэпутатаў, членаў праўладных арганізацый.

Падзяліцца: