Мінск 18:31

Міграцыйны ціск з боку Беларусі — частка больш маштабнага наступу РФ на бяспеку Еўропы, заяўляе кіраўніца МЗС Латвіі

Ілюстрацыйнае фота на сайце ўрада Латвіі

7 лістапада, Позірк. Ціск на латвійскую мяжу праз “арганізаваную Беларуссю нелегальную міграцыю” пастаянна ўзмацняецца, заявіла міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ 6 лістапада ў Варшаве на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Савета дзяржаў Балтыйскага мора і Украіны.

Чыноўніца звярнула ўвагу на тое, што ў 2026 годзе прадухілена ўжо “амаль 13 тысяч выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы Латвіі, а значыць, мяжы Еўрасаюза і НАТО”.

“Ціск, які Беларусь чыніць праз нелегальную міграцыю на ўсходнюю мяжу Еўрапейскага саюза і НАТО, ёсць часткай больш маштабнага наступу Расіі на еўрапейскую бяспеку”, — цытуе Бражэ прэс-служба МЗС Латвіі.

У сумеснай заяве, прынятай па выніках пасяджэння, міністры выказалі намер узмацняць меры бяспекі на межах сваіх краін, каб “знізіць эфектыўнасць штучна стваранага міграцыйнага ціску або наступстваў расійскіх правакацый паблізу <…> межаў і па-за іх межамі”.

Апрача Бражэ ў сустрэчы ўзялі ўдзел міністры замежных спраў Германіі, Нарвегіі, Польшчы, Украіны, Фінляндыі і Эстоніі, а таксама дэлегаваныя кіраўніцтвам знешнепалітычных ведамстваў сваіх краін прадстаўнікі Даніі, Ісландыі, Літвы і Швецыі. Акрамя таго, у пасяджэнні ўдзельнічала вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас.

Праведзены “Позіркам” аналіз масіву аператыўных даных памежных службаў суседніх краін ЕС сведчыць, што ад пачатку 2026 года менавіта Латвія зазнае найбольшы міграцыйны ціск — на яе долю прыпала 84,3% усіх спробаў незаконнага пранікнення з тэрыторыі Беларусі.

З 25 сакавіка па 31 кастрычніка мігранты атакавалі мяжу Латвіі штодня.

З 11 жніўня мінімум да 31 снежня латвійскія ўлады праводзяць на мяжы спецаперацыю Vilkatis (“Пярэварацень”). Мэта — “істотнае скарачэнне колькасці незаконных перасячэнняў мяжы і недапушчэнне іх у далейшым”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Даступна падпісчыкам “Позірк+”:

З пачатку 2026 года колькасць спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з Беларусі ў ЕС перавысіла 15 тыс. — аналіз

7 лістапада, Позірк. Колькасць незаконных спробаў мігрантаў з трэціх краін трапіць праз Беларусь у Еўрасаюз з пачатку 2026 года перавысіла 15 тыс. і дасягнула 15.174, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз масіву аператыўных звестак памежных службаў суседніх краін ЕС. Адзнака 15 тыс. …
Падзяліцца: