Мінск 17:07

Памёр Аляксандр Мілінкевіч (дапоўнена)

Архіўнае фота: "Позірк"

11 жніўня, Позірк. Раніцай 11 жніўня ва ўзросце 79 год памёр вядомы беларускі палітык і грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч.

Пра гэта паведаміў сын ягонай жонкі Ігар Кулей.

Мілінкевіч нарадзіўся ў Гродне ў сям’і заслужанага настаўніка БССР. У 1965-м годзе з выдатнай адзнакай скончыў школу, у 1969-м — фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута.

Пасля заканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР — малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976-м абараніў дысертацыю па тэме “Механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў”.

Працаваў школьным настаўнікам, выкладчыкам у ВНУ (у т.л. Алжыра), быў намеснікам кіраўніка Гродзенскага гарвыканкама. Прайшоў стажыроўку ва ўніверсітэтах Польшчы, ЗША Францыі, вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і вопыт развіцця спорту ў Канадзе.

Аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, а таксама па гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі.

У кастрычніку 2005 года была абраная на Кангрэсе дэмакратычных сіл адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 19 сакавіка 2006-га. Сабраў больш за 250 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.

Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама, набраў 6,12% галасоў.

Удзельнічаў у паслявыбарных пратэстах, адбыў палітычна матываваны адміністрацыйны арышт.

У 2006–2016 гадах быў лідэрам руху “За свабоду”.

У 2017 годзе разам з пісьменніцай Святланай Алексіевіч і іншымі вядомымі людзьмі зарэгістраваў у Варшаве фонд “Вольны беларускі ўніверсітэт”, з’яўляўся яго кацлерам.

26 кастрычніка 2006-га ўзнагароджаны штогадовай прэміяй імя Сахарава “За свабоду думкі”, заснаванай Еўрапарламентам у 1988 годзе.

У апошнія гады Мілінкевіч жыў за мяжой. Быў пазаштатным дарадцам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

25 лістапада 2025 года ягоная жонка Іна Кулей паведаміла, што муж трапіў у рэанімацыю ў вельмі цяжкім стане. Перад гэтым палітык перанёс аперацыю па стэнціраванні соннай артэрыі, якая на 80% была зачынена тромбам. Пасля яго выдалення і аднаўленні крывацёку рэзка падняўся ціск. Ён быў уведзены ў медыкаментозны сон, каб арганізм не марнаваў сілы на рухі.

Пазней Мілінкевіч быў пераведзены ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі.

26 траўня Кулей звярнулася да таварыства з просьбай аказаць фінансавую дапамогу палітыку. На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” яна адзначыла, што наступствы лістападаўскай аперацыі “апынуліся не такімі, як мы ўсе спадзяваліся”. Сума, запытаная на рэабілітацыю ў Варшаве — каля 120 тыс. злотых (больш за 30 тыс. долараў), была сабрана за некалькі дзён.

Мілінкевіч: Настроі ў Беларусі былі і ёсць праеўрапейскія

3 верасня, Позірк. У Беларусі дзейнічае "рэжым унутранай акупацыі", адбываецца "паўзучая анексія Пуціна — анексія перш за ўсё ідэнтычнасці". Так сітуацыю ў краіне ахарактарызаваў пазаштатны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч, выступаючы на ​"Эканамічным форуме" …
Падзяліцца: