Мінск 13:43

Вайскоўцы ССА на вучэннях у Кітаі будуць процідзейнічаць дронам і асвойваць сумесную зборку БПЛА

Фота: Міністэрства абароны

10 жніўня, Позірк. Вайскоўцы сіл спецыяльных аперацый беларускіх Узброеных сіл накіраваліся ў Кітай для ўдзелу ў сумесных беларуска-кітайскіх тактычных вучэннях “Імклівы арол-2026”, паведаміла Мінабароны.

Манеўры пройдуць з 11 па 25 жніўня на палігоне Паветрана-дэсантных войскаў Народна-вызваленчай арміі Кітая ў правінцыі Хубэй (цэнтральная частка краіны) і працягнуцца да 24 жніўня.

Раней паведамлялася, што на вучэннях будзе адпрацаваная сумесная тактычная аперацыя ў гарадскіх умовах.

Зараз Мінабароны адзначае, што падчас манеўраў вайскоўцам “трэба будзе здзяйсняць парашутныя скачкі, працаваць з беспілотнымі лятальнымі апаратамі і процідзейнічаць дронам, асвойваць сумесную зборку БЛА, выконваць розныя віды стрэльбаў, ужываць гарадскі і прамысловы альпінізм”.

Маршрут у Кітай, як інфармуе ведамства, будзе пралягаць праз расійскія Новасібірск і Уладзівасток з прамежкавымі пасадкамі для дазапраўкі, Разліковы час у шляху — 23-24 гадзіны.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Кітая Чэнь Сі раней заявіў, што на вучэннях будуць адпрацоўвацца галоўным чынам выведка і контрвыведка, захоп і ўтрыманне аб’ектаў і іх абарона, зачыстка і ўтрыманне пазіцый.

Першыя вучэнні “Імклівы арол” прайшлі ў Беларусі ў 2011 годзе, другія — у Кітаі ў 2012-м, трэція — зноў у Беларусі ў 2015-м. Такім чынам, чацвёртыя манеўры адбудуцца праз больш чым 10-гадовы перапынак.

3 траўня камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сіл Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў, што яго падначаленыя “практычна штодня“ фіксуюць парушэнне дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы.

Масква і Кіеў масава ўжываюць беспілотнікі ў поўнамаштабнай вайне, якую Расія пачала супраць Украіны 24 лютага 2022 года, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Кітай фармальна захоўвае нейтралітэт, аднак расследавальнікі пішуць пра факты таемнай падтрымкі Пекінам ваенна-прамысловага комплексу РФ.

Гл. таксама:

У ССА праходзяць ваенныя зборы — на іх, як мяркуецца, выкліканыя нядобрасумленныя работнікі сельскай гаспадаркі

Падзяліцца: