Мінск 16:19

Швецыя будзе выдаваць беларусам пашпарт замежніка

11 жніўня, Позірк. Міграцыйная служба Швецыі будзе выдаваць эмігрантам з Беларусі праязныя дакументы замежніка, вынікае з інфармацыі на сайце ведамства.

Паведамляецца, што праязныя дакументы выдаюцца асобам, якія атрымалі абарону ў Швецыі, а таксама членам іх сем’яў. Таксама да гэтай катэгорыі атрымальнікаў прылічаныя замежнікі, якія не маюць магчымасці падоўжыць дзеянне нацыянальнага пашпарта.

Міграцыйная служба спасылаецца на ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года “Аб парадку выдачы дакументаў і ўчынення дзеянняў”, згодна з якім дыпмісіі за мяжой спынілі выдаваць пашпарты суайчыннікам і афармляць шэраг іншых дакументаў.

У ведамстве адзначылі са спасылкай на праваабаронцаў, што згаданы дакумент “цалкам выконваецца і выключэнняў няма ні ў самім указе, ні, наколькі вядома, на практыцы”. Звяртаецца ўвага, што пасля набыцця ўказам моцы беларускія амбасады выдаюць толькі пасведчанні аб вяртанні на радзіму (у тым ліку, дзецям, якія нарадзіліся за мяжой).

“Такім чынам, для фізічных асоб указ азначае, што адзіная магчымасць аформіць новы пашпарт без выключэнняў — гэта зрабіць гэта ў Беларусі”, — гаворыцца ў дакуменце. Пры гэтым міграцыйнае ведамства падкрэслівае, што ў заяве спецыяльнага дакладчыка ААН указ называецца “часткай палітыкі пакарання беларусаў, якія пражываюць у выгнанні”.

У адпаведнасці з заканадаўствам, Міграцыйная служба можа выдаць пашпарт замежніка асобе, якая не мае дзеючага пашпарта і не мае магчымасці яго атрымання, або пры наяўнасці “асаблівых прычын”.

Беларускім грамадзянам, як адзначаецца, “не варта рэкамендаваць паездкі ў краіну паходжання для атрымання пашпарта“.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 16 чэрвеня 2025 года ў Стакгольме на сустрэчы з членамі групы “За дэмакратычную Беларусь“ у шведскім парламенце заклікала да пашырэння падтрымкі беларусаў, якія пражываюць у Швецыі: “Мы па-ранейшаму сутыкаемся з мноствам праблем з дакументамі. Ваша дапамога будзе мець вырашальнае значэнне і калі мы вырашым гэтую праблему тут, гэта будзе мець вялікае значэнне для іншых краін“.

Пытанні легалізацыі беларусаў у Швецыі былі закранутыя на сустрэчы дэмлідара з прэм’ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам і міністрам у справах ЕС офіса прэм’ера Есікай Русенкранц 17 чэрвеня мінулага года.

13 лістапада 2024 года народная амбасада Беларусі ў Швецыі (прадстаўніцтва дэмакратычных сіл) паведаміла аб першым вядомым выпадку выдачы беларускаму грамадзяніну пашпарта замежніка ў Швецыі.

У паведамленні гаварылася, што “ў сакавіку 2024 года міграцыйнае ведамства Швецыі абвясціла, што беларусам і беларускам, якія афіцыйна пражываюць у Швецыі і баяцца за сваю бяспеку на радзіме, не варта вяртацца ў Беларусь для падаўжэння дакументаў“.

“Замест гэтага Швецыя гатовая выдаваць так званыя пашпарты замежнікаў тым, хто мае права на пражыванне ў краіне. Хоць прававая пазіцыя ўступіла ў сілу яшчэ ўвесну гэтага года, аб рэальных выпадках выдачы пашпартоў замежнікаў нічога не было вядома. І вось учора (12 лістапада. — Позірк”.) стала вядома, што аднаму з грамадзян Беларусі ў Швецыі быў выдадзены пашпарт замежніка“.

1 верасня 2024 года паведамлялася, што народная амбасада Беларусі ў Швецыі падрыхтавала збор найбольш тыповых аргументаў, якія выкарыстоўваюцца “для адмовы беларусам у прытулку”.

Ён уключае спасылкі на справаздачы міжнародных арганізацый і дакументы шведскага міграцыйнага агенцтва. Сцвярджалася, што на той момант міграцыйнае ведамства часта выкарыстоўвала “чатыры асноўныя аргументы для адмовы ў прытулку”: “Пра тое, што калі чалавек змог легальна пакінуць Беларусь, гэта значыць, што ён не знаходзіцца ў небяспецы; пра “абмежаванае распаўсюджванне” крытычных запісаў у сацыяльных сетках, што быццам зніжае рызыку рэпрэсій; пра тое, што чалавек не меў значнай ролі ў апазіцыі, і таму не павінен быць у зоне рызыкі; што заяўка на прытулак не падавалася адразу пасля падзей 2020 года, што нібыта сведчыць пра адсутнасць тэрміновай патрэбы ў абароне”.

28 жніўня 2024 года шведскае Sveriges Radio паведаміла, што грамадзянін Беларусі, якому Міграцыйная служба Швецыі адмовіла ў прадастаўленні прытулку, затрыманы паводле палітычных матываў па вяртанні на радзіму.

Падзяліцца: