Мінск 19:10

Лукашэнка прызначыў членам Савета Рэспублікі лідара праўладных камуністаў Сыранкова

Сяргей Сыранкоў
Фота: mlyn.by

Фота: mlyn.by

20 жніўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка прызначыў першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання.

Адпаведны ўказ №280 падпісаны 20 жніўня, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Сыранкоў нарадзіўся 14 жніўня 1983 года ў Краснаполлі Магілёўскай вобласці. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова па спецыяльнасці “англійская і нямецкая мовы“, пазней вучыўся ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Працаваў настаўнікам замежных моў, дырэктарам школы, займаў пасады ў сістэме адукацыі Краснапольскага раёна. Быў дэпутатам Краснапольскага раённага і Магілёўскага абласнога Саветаў, у 2019-2023 гадах — дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

У траўні 2024 года Сыранкоў быў абраны першым сакратаром ЦК КПБ, ва ўсім падтрымлівае Лукашэнку.

У 2025 годзе Сыранкоў удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах. Паводле афіцыйных вынікаў, ён атрымаў 3,21% галасоў і заняў другое месца пасля Лукашэнкі.

Улетку і ўвосень 2023 года рэжым Лукашэнкі ліквідаваў 12 палітычных партый. У краіне засталося чатыры праўладныя партыі — “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

Савет Рэспублікі складаецца з 56 членаў, якія выбіраюцца мясцовымі саветамі (дэ-факта складаюцца толькі з лаяльнымі Лукашэнкам дэпутатаў) у абласцях і Мінску, і васьмі членаў, якіх прызначае Лукашэнка (звычайна ён гэта расцягвае па часе). Усяго ў верхняй палаце парламента 64 месцы.

Восьмае скліканне Савета Рэспублікі пачало працу ў красавіку 2024 года. Ад Лукашэнкі былі прызначаныя Леанід Заяц, Сяргей Хаменка, Уладзіслаў Татарыновіч, Сяргей Алейнік, Раман Бродаў і Наталля Паўлючэнка. Зараз у СР НС засталіся Алейнік, Бродаў, Заяц і Паўлючэнка. Паўнамоцтвы Татарыновіча і Хаменкі былі спыненыя датэрмінова. Татарыновіча Лукашэнка прызначыў міністрам фінансаў (22 студзеня 2026 года). Хаменка, які займаў пасаду віцэ-спікера, сышоў паводле ўласнага жадання (16 верасня 2025 года). Яго пасаду ў СР НС заняў Татарыновіч.

Падзяліцца: