Мінск 18:50

МУС апублічыла інфармацыю аб прызнанні выдавецтва “Тэхналогія” “экстрэмісцкай арганізацыяй” праз два месяцы пасля рашэння суда аб гэтым

Ілюстрацыя: magnific.com

20 жніўня, Позірк. Эканамічны суд Мінска больш за два месяцы таму (10 чэрвеня) прызнаў выдавецтва “Тэхналогія“ “экстрэмісцкай арганізацыяй“, вынікае з абноўленага 20 жніўня пераліку “арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці“, на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Наданне арганізацыям такога статусу рэгулюецца Законам ад 4 студзеня 2007 года № 203-З “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” (у рэдакцыі ад ад 17 ліпеня 2023-га).

Рашэнні выносяцца судамі.

Дзейнасць такой арганізацыі на тэрыторыі Беларусі, яе сімволіка і атрыбукіка забараняюцца. Стуктура падлягае ліквідацыі.

Стварэнне, роўна як і працяг дзейнасці, яе фінансаванне цягне за сабой крымінальную адказнасць аж да пазбаўлення волі.

Інструмент актыўна выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для падаўлення іншадумства і палітычных рэпрэсій (у пераліку 415 пазіцый і 377 арганізацый). У красавіку статус “экстрэмісцкай арганізацыі“ атрымаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе).

17 і 18 лютага было затрымана мінімум 10 працаўнікоў кніжнай сферы, у тым ліку дырэктар згаданага выдавецтва Вацлаў Багдановіч, яго жонка Алена, дачкі Антаніна і Вікторыя. Багдановіча адпусцілі ў сакавіку, да гэтага праваабаронцы ўжо прызналі яго палітычным вязнем. Ягоная жонка і дачка Антаніна таксама знаходзяцца на волі. Аб вызваленні Вікторыі не паведамлялася, аднак, мяркуючы па актыўнасці пазней у сацсетках, яна таксама была адпушчана.

21 лютага выдавецтва паведаміла ў “Фэйсбуку” аб спыненні працы па “пэўных прычынах”. Падрабязнасці не прыводзіліся.

У красавіку Мінінфарм прыпыніў дзеянне ліцэнзіі “Тэхналогіі”.

У выдавецтве выпускаліся навукова-папулярныя, даведачныя, мастацкія кнігі, а таксама брашуры і іншую друкаваную прадукцыю. Акрамя кнігавыдання, кампанія займалася вырабам паліграфічнай і сувенірнай прадукцыі, а таксама гандлем медыцынскай тэхнікай.

3 сакавіка 2026 года “кааліцыя” друкаваных выдавецтваў, у якую ўваходзяць “Фонд Kamunikat.org”, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing, унесена МУС у спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў”. У сувязі з ёй у пераліку згадваюцца Яраслаў Іванюк (грамадзянін Польшчы, прадстаўнік беларускай этнічнай меншасці), Дзмітрый Колас, Ігар Логвінаў, Вацлаў Багдановіч, Андрэй Янушкевіч і Аляксандр Яўдаха.

Падзяліцца: