Мінск 20:18

Беларусь хоча замясціць Расію і Іран у экспарце стралковай зброі — прадстаўнік падсанкцыйнага вытворцы

19 жніўня, Позірк. У Беларусі распрацавана пяць мадэляў баявой стралковай зброі, з якіх чатыры прынята на ўзбраенне арміі, паведамляюць дзяржСМІ па выніках візіту Аляксандра Лукашэнкі на вытворчасць ААТ “Кідма Тэк” 18 жніўня.

Узгаданы, у прыватнасці, снайперская вінтоўка “Стылет” і пісталет-кулямёт ПП-919. Рыхтуецца да выпуску аўтамат ВСК-100Б.

“Адна з ключавых задач, якую мы сабе ставім, — гэта распрацоўка кулямёта. Думаю, бліжэйшыя два гады мы будзем траціць свае сілы і выкарыстоўваць наш досвед на стварэнне гэтага прадукту”, — заявіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус.

Паводле яго, з 2023 года прадпрыемства занята распрацоўкай і вытворчасцю прадукцыі са стопрацэнтнай лакалізацыяй.

“Мы пачалі займацца стралковай зброяй яшчэ з 2018–2019 гадоў, але тады гэта былі пэўныя дапрацоўкі з прымяненнем імпартных камплектуючых”, — дадаў Пантус.

Кіраўнік камітэта адзначыў работу “Кідам Тэк” “у інтарэсах замежных партнёраў”, не назваўшы іх.

Пры гэтым, сказаў ён, прадукцыя прынята ўжо на ўзбраенне ў Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, гэта датычыцца як Узброеных сіл, так і спецслужбаў і яго службы бяспекі. Візіцёр распарадзіўся “не шкадаваць грошай” на распрацоўкі і вытворчасць зброі.

“Цяпер час вялікіх магчымасцей, — заявіў намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Анісімаў. — З рынку ўзбраенняў сышла Расійская Федэрацыя па тых або іншых прычынах, сышоў Іран (верагодна, гаворка аб міжнародных санкцыях. — “Позірк”.). На знешнім рынку ўтварыўся вакуум, які сам бог загадаў нам запоўніць сваёй прадукцыі”.

Прадпрыемства, якое раней называлася “БСВТ — Новыя тэхналогіі” (БСВТ — ад “Белспецзнештэхніка”), юрыдычна размешчана ў аг. Вусце Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, фактычна — у Мінску на вул. Солтыса.

У в. Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, дзе пабываў Лукашэнка, робіцца стралковая зброя.

Два тыдні таму, 3 жніўня, Украіна ўключыла прадпрыемства, а таксама ТАА “Ціса” (Маладзечна, Мінская вобласць) у свой санкцыйны спіс як кампаніі, якія “пастаўляюць кампаненты для балістыкі і абслугоўваюць расійскі ВПК”.

“Кідма Тэк” таксама знаходзіцца пад санкцыямі Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Еўрасаюза, Канады, Новай Зеландыі, ЗША, Швейцарыі, Японіі.

Падзяліцца: