Мінск 22:35

У суд накіраваная справа аб фіктыўным залічэнні ў ВНУ Віцебска амаль 100 чалавек

27 жніўня, Позірк. У суд накіраваная справа “кіраўніка профільнай установы вышэйшай адукацыі Віцебска”. Службовая асоба абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), паведамляе Генеральная пракуратура.

Згодна з матэрыяламі справы, не менш за 95 чалавек было фіктыўна залічана ў ВНУ “ў выніку супрацьпраўных дзеянняў на дзённую форму атрымання вышэйшай адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў, у тым ліку ў рамках мэтавай падрыхтоўкі”.

Былы рэктар ВНУ таксама выконваў абавязкі старшыні прыёмнай камісіі. З ліпеня 2020 года да верасня 2023-га ён “аддаваў падначаленым незаконныя ўказанні з мэтай стварыць бачнасць выканання кантрольных лічбаў прыёму“, гаворыцца ў рэлізе.

У прыватнасці, работнікам даручалася “падаваць у прыёмную камісію дакументы абітурыентаў для рэгістрацыі, уносіць загадзя ілжывыя звесткі ў афіцыйныя дакументы аб прыёме і залічэнні грамадзян у лік студэнтаў першага курса асноўных факультэтаў”. Пры гэтым “фактычная прысутнасць абітурыентаў не забяспечвалася”, пазней іх адлічвалі.

Паводле версіі пракуратуры, дзеянні фігуранта “нанеслі істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам“, паколькі “была скажоная дзяржаўная статыстыка, сарваны дзяржзаказ на падрыхтоўку кадраў для АПК, што пагоршыла дэфіцыт спецыялістаў, а таксама падарваны асабісты аўтарытэт кіраўніка і рэпутацыя ВНУ”.

Мерай стрымання для абвінавачанага застаецца асабістае даручальніцтва.

Дзеянні яго падначаленых кваліфікаваныя па арт. 427 КК (службовы падлог). Аб накіраванні іх спраў у суд не паведамляецца.

Звесткі пра асноўнага фігуранта і месца яго працы на момант здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў не згадваюцца. У абласным цэнтры знаходзіцца Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.

Са снежня 2016 года па верасень 2024-га ВНУ ўзначальваў Мікалай Гаўрычэнка. Пра яго затрыманне не паведамлялася. Тады ж пасаду заняла супрацоўніца акадэміі Вольга Горлава.

За першыя шэсць месяцаў 2026 года на 12,5% павялічылася колькасць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га, вынікае са статыстыкі Вярхоўнага суда. Усяго за гэты перыяд за карупцыю асуджана 342 чалавекі (у студзені — чэрвені 2025 года — 304).

Найчасцей прысуды выносіліся па справах аб хабарах (арт. 430 КК) — 150 (93), за атрыманне хабару асуджаны 21 чалавек (12).

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш чым 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

Падзяліцца: