У Брэсцкай вобласці суд аштрафаваў касметолага за незаконную медыцынскую дзейнасць дома

27 жніўня, Позірк. Эканамічны суд Брэсцкай вобласці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці індывідуальнага прадпрымальніка — касметолага Ч. за незаконную медыцынскую дзейнасць, вынікае з інфармацыі Вярхоўнага суда.
Паведамляецца, што ў рамках ч. 1 арт. 13.3 КаАП (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) суд аштрафаваў ІП на 80 базавых велічынь (3.600 рублёў) і пастанавіў канфіскаваць атрыманы даход у памеры 2 тыс. 837,68 рубля.
Акрамя таго, касметолаг прыцягнутая да адказнасці паводле ч. 3 арт. 13.3 КаАП (ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці з парушэннямі, калі гэта забаронена законам) — аштрафаваная на 100 б.в. (4.500 рублёў). У рамках гэтай часткі артыкула ў яе канфіскаваны даход у памеры 11 тыс. 227,31 рубля, а таксама 11 адзінак медыцынскіх апаратаў і прэпаратаў.
Згодна з матэрыяламі справы, Ч. больш за год аказвала паслугі па ролікава-вакуумным масажы, ін’екцыйнай мезатэрапіі, дарсанвалізацыі, ультрагукавой чыстцы твару і хімічным пілінгу — без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) Міністэрства аховы здароўя на права вядзення меддзейнасці.
Касметолаг, як адзначае ВС, выкарыстоўвала медыцынскія апараты, “не зарэгістраваныя ў вызначаным парадку ў якасці вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі”.
Заяўлена, што ІП рэкламавала свае медыцынскія паслугі ў “Інстаграме”, пазначаючы іх кошт, апараты, што выкарыстоўваюцца. Там жа яна размяшчала водгукі кліентаў, апісвала “спецыфіку працэдур”.
Паводле сцвярджэння прэс-службы Вярхоўнага суда, сума “незаконна атрыманага даходу” перавысіла 25 тыс. рублёў. Ці мае касметолаг медыцынскую адукацыю, не паведамляецца.
Заяўлена таксама, што касметолаг больш за 2 гады без заключэння працоўных або грамадзянска-прававых дагавораў прыцягвала дзесяць наёмных работнікаў — у якасці майстроў па апаратным масажы, адміністратараў інстаграм-старонкі і таргет-маркетолагаў. Разам з тым, падкрэсліў ВС, дзейнасць індывідуальнага прадпрымальніка з прыцягненнем больш як трох фізічных асоб, а таксама фізічных асоб без заключэння з імі дагавораў з’яўляецца незаконнай.
У гэтым плане памер даходу, атрыманага Ч. ад занятку “забароненай дзейнасцю”, склаў 112 тыс. 275,06 рубля.
На судзе прадпрымальніца прызнала віну ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, патлумачыўшы, што не ведала нормаў заканадаўства.
Судовыя пастановы не былі абскарджаныя і набылі моц.
Напрыканцы ліпеня загадчыца аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (санслужба) Ірына Глінская заявіла журналістам, што ў Беларусі актуальная праблема перадачы гепатытаў пры “немедыцынскіх інвазіўных маніпуляцыях” (пірсінг, татуіроўкі, перманент і інш.) у “неафіцыйных месцах”, напрыклад, дома.
Спецыяліст падкрэсліла, што кантроль за апрацоўкай абсталявання ў такіх месцах не праводзіцца, стэрыльнасць не гарантуецца.
“Улічваючы істотную ўдзельную вагу гэтага шляху перадачы, я мяркую, што вось такія маніпуляцыі варта выключыць. Тым больш на сёння існуе шмат устаноў, у якіх мы можам зрабіць гэта з гарантаванай інфекцыйнай бяспекай, — сказала спецыяліст. — Калі чалавек робіць пірсінг, татуіроўкі, ён мае быць прышчэплены ад гепатыту B”.
7 кастрычніка 2025 года паведамлялася пра смерць 21-гадовай жыхаркі Маладзечна (Мінская вобласць) у выніку заражэння крыві і адмовы органаў пасля зробленай у хатніх умовах татуіроўкі.
Дзяўчына была экстранна дастаўленая ў Маладзечанскую цэнтральную раённую бальніцу напрыканцы жніўня, дзе памерла праз суткі.
Пры правядзенні судова-медыцынскай экспертызы высветлена, што смерць дзяўчыны надышла ў выніку распаўсюджанага запаленчага працэсу ў арганізме, то бок сепсісу, які прывёў да поліорганнай функцыянальнай недастатковасці.
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства



