Мінск 10:11

У суд накіраваная справа кіроўцы, які зімой сутыкнуўся з хлопчыкам на цюбінгу

27 жніўня, Позірк. У суд накіраваная крымінальная справа 57-гадовага кіроўцы паштовага УАЗа, які ў лютым сутыкнуўся з 9-гадовым хлопчыкам на цюбінгу ва Уздзенскім раёне (Мінская вобласць), паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на рэгіянальную пракуратуру.

Кіроўцу інкрымінавана парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса).

Згодна з матэрыяламі справы, днём 21 лютага ў вёсцы Падсадскія абвінавачаны здзейсніў наезд на малалетняга, які з’язджаў на цюбінгу са снежнай горкі ў лесапасадцы непасрэдна ля прасёлкавай дарогі.

Пракуратура адзначае, што кіроўца “меў рэальную магчымасць загадзя ўбачыць дзіця“, аднак “своечасовых мер да зніжэння хуткасці аж да прыпынку транспартнага сродку не ўжыў і працягнуў далейшы рух“.

Дзіця атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Пры накіраванні крымінальнай справы ў суд пракурор не змяніў раней ужытую да абвінавачанага меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Пра здарэнне паведамлялася 22 лютага. Удакладнялася, што дзіця каталася з горкі ў лесапаласе побач з сямейнай дачай.

“Спуск перасякаў прасёлкавую дарогу, — адзначаў СК. — У момант чарговага з’езду хлопчык сутыкнуўся з заднім колам паштовага аўтамабіля “УАЗ“, які праязджаў па дарозе. Дзіця атрымала сур’ёзныя траўмы галавы і было экстранна дастаўленае ў лякарню“. Спуск “не быў абсталяваны для зімовых забаў”.

Хлопчык быў шпіталізаваны ў сталічны РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

У Беларусі кожную зіму падчас катання на цюбінгу траўміруецца значная колькасць дзяцей. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, толькі з 26 лістапада 2025 года па 23 лютага 2026-га пры катанні на цюбінгах, ледянках, санках і іншых сродках была зарэгістраваная 1.031 траўма (687 — у дзяцей).

Падзяліцца: