Лукашэнка бачыць магчымасць аднаўлення “паўнавартаснага канструктыўнага дыялогу” з Малдовай

27 жніўня, Позірк. Перакананне ў тым, што “назапашаны за тры дзесяцігоддзі досвед узаемавыгаднай супрацы”, нягледзячы на “напружаную міжнародную абстаноўку”, паслужыць “асновай для аднаўлення паўнавартаснага канструктыўнага дыялогу” паміж Беларуссю і Малдовай, выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 27 жніўня малдаўскі народ з Днём Незалежнасці.
На думку віншавальніка, тэкст паслання якога апублікавала яго прэс-служба, Дзень Незалежнасці “ўвасабляе суверэнны выбар малдаўскага народа, сімвалізуе імкненне да свабоднай і годнай будучыні, захавання самабытнай культуры і традыцый”.
На працягу многіх гадоў беларусаў і малдаван звязваюць повязі дружбы, сцвярджае Лукашэнка. “Нас збліжаюць агульны гістарычны лёс і памяць пра подзвіг бацькоў і дзядоў, якія плячо ў плячо змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны”, — адзначыў ён.
14 ліпеня паведамлялася, што Малдова далучылася да прынятага месяцам раней пакета санкцый Еўрасаюза, у якім фігуруе беларуская кампанія “Ізавак”.
26 траўня ў Мінску Лукашэнка прыняў былога прэзідэнта Малдовы, старшыню апазіцыйнай Партыі сацыялістаў Ігара Дадона. Беларускі палітык на сустрэчы з ім заклікаў аднавіць працу міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы.
Лукашэнка тады прапанаваў апазіцыянеру з Малдовы — краіны са статусам кандыдата на ўступленне ў ЕС — абмеркаваць тэматыку Еўразійскага эканамічнага саюза.
Паводле інфармацыі на сайце амбасады Беларусі ў Малдове, апошняе, 19-е пасяджэнне міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы праведзенае ў Кішынёве 7 чэрвеня 2018 года, то бок падчас прэзідэнцкага тэрміну Дадона.
Паводле даных беларускага МЗС, у 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў 176,1 млн долараў. Экспарт беларускіх тавараў у Малдову склаў 98,3 млн, а імпарт малдаўскіх тавараў у Беларусь — 77,8 млн.
Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў Малдову ў 2024 годзе сталі бульба, сыры і тварог, лекавыя сродкі, мяккія дахавыя матэрыялы, трактары, сродкі для валасоў, гарсэтныя вырабы, пліты, лісты, плёнка з пластмас, гатовая або кансерваваная рыба, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.
Аснову імпарту тавараў з Малдовы склалі вінаградныя натуральныя віны, моцныя спіртныя напоі, свежая садавіна і гародніна, кукуруза, вінаград, яблыкі, грушы і айва, прыборы і прылады для аўтаматычнага рэгулявання і кіравання, лекавыя сродкі, тара, сушаная садавіна.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская наведвала Малдову ў кастрычніку 2023 года на запрашэнне дзейнага прэзідэнта краіны Маі Санду.
5 верасня 2025 года даверчыя граматы Санду ўручыў амбасадар Беларусі Ігар Бубен.
Прыкладна праз месяц, 2 кастрычніка, Ціханоўская і Санду мелі размову на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене.
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь падзяліла з Украінай 5-е месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у ліпені, з Узбекістанам — 8-е месца з пачатку года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



