Мінск 18:05

МАРГ вынесла папярэджанне Цэнтру інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама за зацягванне разгляду праграмнага прадукту-канкурэнта ў ЖКГ

Скрыншот: "Позірк"

26 жніўня, Позірк. Папярэджанне Цэнтру інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама вынесла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) за зацягванне на паўтара года ўзгаднення выкарыстання праграмнага прадукту-канкурэнта ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

Прадукт распрацавала кампанія “Брайт Салюшэнз” (зарэгістраваная ў 2013 годзе) — член Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, які падаў у МАРГ заяву аб парушэнні цэнтрам антыманапольнага заканадаўства.

Міністэрства адзначае, што цэнтр з’яўляецца распрацоўшчыкам канкуруючага праграмнага прадукту — аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы “ДомУлік“.

МАРГ “прыйшло да высновы аб наяўнасці ў бяздзейнасці КУП “ЦІТ Мінгарвыканкама” прыкмет парушэння антыманапольнага заканадаўства, якое выявілася ў зацягванні працэдуры ўзгаднення і прыняцця рашэння па звароце суб’екта”.

Цэнтру вынесена папярэджанне аб “неабходнасці спынення дзеянняў, якія змяшчаюць прыкметы парушэння антыманапольнага заканадаўства, у тэрмін да 12 кастрычніка 2026 г.”.

У тэлеграм-канале МАРГ спасылка на гэтую навіну дадзеная пад загалоўкам “Не цікавіць, адказваць не будзем 1,5 года?..”

Падзяліцца: