Мінск 20:24

27 жніўня адбудзецца апазнанне двух знойдзеных у гарах Кыргызстана цел альпіністаў

Фота: kurumdy.by / скрыншот: "Позірк"

26 жніўня, Позірк. 27 жніўня адбудзецца апазнанне двух целаў альпіністаў, якія спушчаныя 25 жніўня, паведамляе сайт kurumdy.by, створаны для садзейнічання пошукам трох альпіністаў з Беларусі і Літвы, што зніклі ў гарах Кыргызстана.

Верталёт даставіў целы ў Сары-Таш, адтуль у суправаджэнні міліцыі яны перавезеныя ў морг Оша. На месца для апазнання выехалі сваякі.

Таксама паведамляецца, што ратавальнікі агледзелі ледапад па траекторыі выпадзення рэчаў і расколіны на гэтым участку. Расколіны забітыя снегам ад новых лавін. Гэта “робіць немагчымым выяўленне цела, калі яно знаходзіцца ў расколіне“.

Візуальна прыкмет цела на схіле і ў раёне, дзе быў зафіксаваны заплечнік, не выяўлена.

26 жніўня праца групы ратавальнікаў на схіле прыпыненая на нявызначаны тэрмін: у кулуары каменныя абвалы і лавіны. Усе ратавальнікі вывезены верталётам у Ош. Адзначаецца, што ў выпадку з’яўлення абгрунтаванай версіі, дзе шукаць, аперацыя працягнецца.

Раніцай 16 жніўня пры аблёце схілу дрон зняў месца сходу снежна-каменнай масы. Пры разборы запісаў у вынасе, побач са знойдзенымі раней рэчамі, былі выяўленыя целы.

Аб выяўленні асабістых рэчаў альпіністаў стала вядома 14 жніўня.

Для пошуку альпіністаў на kurumdy.by аб’яўляўся збор. На 14 жніўня было ахвяравана 70 тыс. еўра. Збор закрыты.

Паведамлялася, што сродкі збіраюцца на арэнду верталёта, працу ратавальнікаў-вышыннікаў, у тым ліку іх дастаўку ў раён пошукаў, а таксама рыштунак, расходныя матэрыялы, акумулятары для дронаў, сродкі сувязі і харчаванне для тых, хто ідзе наверх.

Зніклі 43-гадовы інжынер-канструктар з Мінска Максім Палянскі, 60-гадовы салігорскі інжынер, кандыдат у майстры спорту па турызме Мікалай Свірыдаў і 37-гадовы жыхар Вільнюса (Літва) Сяргей Рубцоў.

Палянскі і Свірыдаў маюць тытул “Снежны барс”. Гэта азначае, што яны падняліся раней на ўсе пяць вяршыняў гор-сямітысячнікаў былога СССР.

Адзначалася, што на рахунку групы дзясяткі складаных узыходжанняў.

Вядома, што 1 жніўня група ў поўным складзе паднялася на пік Курумды (Ісык-Кульская вобласць), прайшоўшы маршрут па паўночным грэбені.

Днём пазней мужчыны выйшлі на сувязь у апошні раз. Да аўтамабіля, які чакаў іх 4 жніўня, яны не прыйшлі.

10 жніўня да раёна пошукаў выехала група з прафесійным БПЛА. Паведамлялася, што працаваць дрон будзе ў прамежках паміж снегападамі.

Падзяліцца: