Мінск 20:45

ЕС асудзіў наданне ў Беларусі “экстрэмісцкага” статусу праектам, якія падтрымлівае

Ілюстрацыя: Caniceus / pixabay.com

26 жніўня, Позірк. Еўрапейскі саюз “застаецца салідарны з народам Беларусі і будзе падтрымліваць яго права на аб’ектыўную інфармацыю, магчымасці для навучання і прафесійнай дзейнасці ва ўмовах акадэмічнай свабоды”, гаворыцца ў заяве прэс-службы Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) у сувязі з прызнаннем у Беларусі шэрагу рэсурсаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Гаворка пра вэб-сайты і старонкі ў сацсетках праекта EUvsDisinfo, Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі Літвы (CPVA), праграм SALT і Education for Belarusians (“Адукацыя для беларусаў”), якія падтрымліваюцца ЕС*.

Рашэнне Мінска названа “яшчэ адным прыкладам сістэматычных намаганняў рэжыму па прыгнечанні крытычнага мыслення, абмежаванні асноўных свабод і звужэнні грамадзянскай прасторы”.

“ЕС рашуча асуджае такія дзеянні. Гэтае неабгрунтаванае рашэнне накіравана на абмежаванне доступу беларусаў да незалежнай інфармацыі і адукацыйных магчымасцей”, — адзначаецца ў заяве.

ЕСЗД заклікае кіруючы ў Беларусі рэжым “неадкладна адмяніць гэтае рашэнне і спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да народа”.

Унясенне пералічаных вышэй рэсурсаў у спіс “экстрэмісцкіх” “рашуча асудзіў” МЗС Літвы.

Паводле ацэнкі міністэрства, гэтае рашэнне ўяўляе сабой палітычна матываваную і неапраўданую меру, накіраваную на абмежаванне доступу беларускіх грамадзян да інфармацыі аб падтрымцы грамадзянскай супольнасці, адукацыі, мабільнасці і іншых ініцыятывах дапамогі, якія рэалізуюцца ЕС і яго дзяржавамі-членамі.

“Усе такія ініцыятывы рэалізуюцца ў адпаведнасці з каштоўнасцямі Еўрапейскага саюза і прынцыпамі міжнароднага права”, — звярнула ўвагу ведамства. CPVA з’яўляецца літоўскай дзяржаўнай установай “з вялікім досведам кіравання” праграмамі, зазначае МЗС.

Рашэнне Мінска “варта разглядаць як прадузятую спробу дыскрэдытаваць законнае міжнароднае супрацоўніцтва”, лічаць у Вільнюсе.

“Літва сумесна з ЕС працягне падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, грамадзянскую супольнасць, студэнтаў, акадэмічную супольнасць і грамадзянскія ініцыятывы”, — сказана ў заяве.

Гэтае рашэнне рэжыму “не будзе мець юрыдычнай сілы на тэрыторыі [Літвы]”. Вільнюс патрабуе яго неадкладнай адмены і пакідае за сабой права “прымаць палітычныя і дыпламатычныя контрмеры супраць беларускага рэжыму, каардынуючы далейшыя крокі з інстытутамі ЕС і яго дзяржавамі-членамі”.

“Экстрэмісцкі” статус рэсурсы атрымалі ў ліпені і пачатку жніўня. У адпаведным пераліку фігуруюць рашэнні суда Ленінскага раёна Магілёва.

* EUvsDisinfo (euvsdisinfo.eu) — праект ЕС па супрацьдзеянні дэзінфармацыі. Публікуе матэрыялы на 12 мовах. Яго вядзе аператыўная працоўная група па стратэгічных камунікацыях ЕСУС. Ажыццяўляе маніторынг СМІ на 15 мовах.

Створаны ў 2015 годзе для “лепшага рэагавання на пастаянныя дэзінфармацыйныя кампаніі РФ, якія ўплываюць на ЕС, яго дзяржавы-члены і суседнія краіны, а таксама для прагназавання такіх кампаній і процідзеяння ім”.

“Адукацыя для беларусаў” (раней SALT) комплекс праграм падтрымкі студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій або знаходзяцца пад пагрозай такога пераследу.

Літоўскае агенцтва адмініструе праграмы для Беларусі.

Падзяліцца: